Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны паведаміла колішняму дэпутату Вярхоўнай Рады Ільлю Ківу пра падазрэньні ў закліку да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу і прапагандзе вайны.
Раней, у сакавіку 2022 году, яму выставілі абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе і абвясьцілі ў міжнародны вышук.
«Ён працягвае распаўсюджваць сярод насельніцтва антыўкраінскую прапагандысцкую інфармацыю. Ільля Ківа ў сваіх шматлікіх публікацыях ствараў для грамадзкасьці вобраз ворага зь дзейнай украінскай улады, якую трэба стрымліваць ад агрэсіі. Ён актыўна нагнятаў антыўладныя настроі ва ўкраінскім грамадзтве і апраўдваў захопніцкую вайну Расеі супраць Украіны», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ДБР Украіны.
Паводле ведамства, Ільля Ківа «гераізаваў і апраўдваў ваенныя дзеяньні расейцаў, а таксама настройваў украінскую аўдыторыю супраць патрыятычных суайчыньнікаў, а расейскую — супраць украінскай».
Апроч таго, колішні дэпутат, паводле сьледзтва, прапагандаваў мэтазгоднасьць вырашэньня «супярэчнасьцяў» з выкарыстаньнем вайсковай сілы і маштабнага выкарыстаньня Ўзброеных сіл Расеі на тэрыторыі Ўкраіны.
Міністэрства абароны Беларусі 18 жніўня абнародавала запіс інтэрвію Ільлі Ківа ВаенТВ, у якім ён расказаў аб аднаўленьні «нацызму ва Ўкраіне», які прывёў да вайны. У Беларусі, паводле яго, гэтага ўдалося пазьбегнуць, дзякуючы «патрыятычнаму выхаваньню».
11 жніўня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аналягічныя падазрэньні лідэру забароненай ва Ўкраіне Камуністычнай партыі Пятру Сіманенку. У паведамленьні таксама адзначаўся ягоны ўдзел у першым антыфашысцкім форуме ў Менску 21-22 красавіка.
На ім ён падтрымаў агрэсію Расеі і апраўдваў намеры Расеі выкарыстаць тактычную ядзерную зброю супраць Украіны.