Віктар Карамазаў нарадзіўся ў 1934 годзе ў Чэрыкаве на Магілёўшчыне. У часы ІІ сусьветнай вайны сям’я жыла ў Чувашыі, Татарстане, Ульянаўскай вобласьці, пасьля вайны вярнулася ў Беларусь і пасялілася ў Крычаве.
Працаваў карэспандэнтам у газэце «Магілёўская праўда», літаратурным супрацоўнікам у «Звяздзе» і «Літаратуры і мастацтве». Быў загадчыкам аддзелу публіцыстыкі часопіса «Полымя» і дарадцам у Саюзе пісьменьнікаў БССР.
Вядомы творамі Карамазава зьяўляюцца «Падранак» (1968), «Па талым сьнезе» (1973), «Сьпіраль» (1974), «Дзень Барыса і Глеба» (1981), зборнік выбранай прозы «Дзяльба кабанчыка» (1988), аповесьці «Краем белага шляху» (1984), «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991), «Зь вясною ў адным вагоне» (2002), раманы «Пушча» (1979) і «Бежанцы» (1990). Кніга публіцыстыкі «Проста ўспомніў я цябе...» (1989). У школьную праграму ўключана яго апавяданьне «Дзяльба кабанчыка».
Напісаў аповесьць «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) пра мастака Бялыніцкага-Бірулю. У аповесьці «Краем белага шляху» (1992) раскрываецца тэма Чарнобыльскай трагедыі. У пісьменьніка выйшлі некалькі кніг, прысьвечаных жыцьцю і творчасьці шэрагу беларускіх і расейскіх мастакоў, сярод якіх Жукоўскі, Вашчанка, Бархаткоў, Неўраў.
Аўтар сцэнароў мастацкага тэлевізійнага фільму «Зялёныя фрэгаты» (пастаўлены ў 1974) і шэрагу дакумэнтальных кінастужак.
На сьмерць Віктара Карамазава адгукнуўся Ўладзімер Някляеў.
«Усяго год не дажыў ён, адзін з найталенавітых нашых пісьменьнікаў, да свайго 90-годзьдзя.
Апошні раз сустрэліся гады паўтара таму. Выпадкова. На вуліцы Фрунзэ. Побач з Домам літаратара. Ён не пазнаў мяне скрозь закрапаныя дажджом акуляры. Сказаў: „Я ўжо, Валодзя, нікога і нічога не пазнаю. І не таму, што кепска бачу. Проста ўсё стала іншае. Само жыцьцё. І ўсе сталі іншымі разам зь ім. Ці, можа, сталі такімі, якімі яны насамрэч былі, а ня тымі, кім прыкідваліся. Напрыклад, — кіўнуў ён у бок Дома літаратара, які быў некалі ягоным домам, — прыкідваліся пісьменьнікамі...“
Ён ніколі і нікім не прыкідваўся. Быў сапраўдным пісьменьнікам, сапраўдным сябрам, ствараў сапраўдную літаратуру і жыў сапраўдным жыцьцём. Бывай, Віктар Філімонавіч!»