Паводле інфармацыі TVP, пытаньне гучыць так: «Ці падтрымліваеце вы скасаваньне бар’еру на мяжы Рэспублікі Польшчы з Рэспублікай Беларусь?»
Іншыя пытаньні рэфэрэндуму тычацца прапанаванай Эўразьвязам схемы прыёму мігрантаў, нацыянальнай сыстэмы пэнсійнага забесьпячэньня і продажу дзяржаўных прадпрыемстваў.
14 жніўня польскі міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак заявіў, што «самыя важныя пытаньні бясьпекі павінны вырашацца грамадзянамі».
«Польшча можа стаць наступнай мішэньню [прэзыдэнта Расеі Щладзіміра] Пуціна, і наша бясьпека знаходзіцца пад рэальнай пагрозай. Менавіта таму мы пасьлядоўна ўмацоўваем польскую армію і будуем барʼер на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй», — заявіў чыноўнік.
Польшча ўзводзіла 206-кілямэтровую агароджу ўздоўж мяжы зь Беларусьсю са студзеня 2022-га па чэрвень 2023 году. Будаўніцтва фізычнага барʼеру стала рэакцыяй Варшавы на рэгулярныя зь вясны 2021 году плыні нерэгулярных мігрантаў, якія імкнуцца трапіць у краіны ЭЗ зь беларускай тэрыторыі.
З пачатку 2023 году зафіксавана 19 136 спроб незаконнага пранікненьня ў Польшчу зь Беларусі, у тым ліку ў жніўні — 1578.