Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў пра звальненьне ўсіх кіраўнікоў абласных ваенкаматаў краіны.
«Кіраваць гэтай сыстэмай павінны людзі, якія дакладна ведаюць, што такое вайна і чаму цынізм і хабарніцтва падчас вайны — гэта дзяржаўная здрада», — сказаў Зяленскі ў сваім відэазвароце ў Тэлеграме.
Заяву Зяленскі зрабіў па выніках спэцыяльнага пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ў пытаньні праверкі ваенкаматаў. Па словах Зяленскага, па выніках праверак супраць службовых асоб ваенкаматаў заведзена 112 крымінальных спраў.