Прэзыдэнт Гільерма Ляса пацьвердзіў забойства Фэрнанда Вільявісэнсіі і выказаў здагадку, што за яго забойствам стаіць арганізаваная злачыннасьць. Вільявісэнсіё быў адным з васьмі кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах 20 жніўня, хоць і ня быў фаварытам. 59-гадовы палітык быў кандыдатам ад руху «Пабудуем Эквадор», піша Голас Амэрыкі са спасылкай на агенцтва Associated Press.
«Я запэўніваю вас, што гэтае злачынства не застанецца беспакараным», — гаворыцца ў заяве Ляса. «Арганізаваная злачыннасьць зайшла занадта далёка, але яна адчуе на сабе ўвесь цяжар закону».
Генэральная пракуратура Эквадору паведаміла, што падазраваны ў забойстве палітыка памёр ад ран пасьля таго, як яго затрымалі.
Гвалт у Эквадоры вырас у мінулым годзе, калі на краіну зьвярнулі ўвагу наркагандляры, што прывяло да хвалюючага ўсплёску гандлю наркотыкамі, забойстваў і вэрбаваньня ў банды дзяцей.
У сацыяльных сетках зьяўляюцца відэазапісы, на якіх відаць, як кандыдат выходзіць зь мерапрыемства ў атачэньні аховы. Затым Вільявісенсіё ўваходзіць у белы аўтамабіль, пасьля чаго гучыць страляніна.
Дарадца ў перадвыбарчай кампаніі забітага — Патрысіё Зукіланда — сказаў, што кандыдату пагражалі сьмерцю, пра што ён паведаміў уладам, гэта прывяло да аднаго затрыманьня.
«Эквадорскі народ плача, а Эквадор сьмяротна паранены», — сказаў ён. «Палітыка не павінна прыводзіць да сьмерці якога-кольвек члена грамадзтва».
Паліцыя пацьвердзіла, што яшчэ некалькі чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку афіцэры, назваўшы інцыдэнт «тэрарыстычным актам» і паабяцаўшы дакапацца да сутнасьці забойства.
Правацэнтрыст Вільявісенсіё быў адным з самых крытычных галасоў супраць хабарніцтва, асабліва падчас кіраваньня ўраду былога прэзыдэнта Рафаэля Карэа з 2007 па 2017 год. Ён падаваў шмат судовых скаргаў на высокапастаўленых членаў ураду Карэа, у тым ліку на самога экс-прэзыдэнта.
Вільявісэнсіё быў жанаты, па ім засталіся пяцёра дзяцей.