Пра пазбаўленьне грамадзянства
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў пытаньні з уладальнікамі Карты паляка «важна не перагнуць палку».
«Грамадзянства можна пазбавіць толькі тых ворагаў, якія змагаюцца супраць нашай краіны. Што тычыцца карты паляка, мы яшчэ раз вернемся да гэтай праблемы. Ня хочацца крыўдзіць і людзей, таму мы робім акуратныя крокі. Людзі павінны жыць свабодна на сваёй зямлі, у сваім грамадзтве. Вельмі важна не перагнуць палку», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.
У той жа час Лукашэнка падкрэсьліў, што Польшча «можа падкінуць» праблемы Беларусі.
«Мы трапілі ў моцны міжнародны замес. Уся Эўропа. Амэрыканцы разбураюць Эўропу. Вялікая Брытанія — іхная апора. Зь іншага боку — Польшча. Польшча яшчэ нам падкіне праблем. Не палякі, яны разумныя людзі. Але звар’яцелі кіраўнікі. Амэрыканцы будуць рабіць стаўку на іх».
Дэмаграфічная праблема
«Найбольшая цяпер праблема для нас не эканамічная, а дэмаграфічная. Трэба больш насельніцтва», — сказаў Лукашэнка.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2023 году складала 9 200 617 грамадзян. За апошнія тры гады яно скарацілася на амаль 200 тысяч.
Пра кантрактную армію
Лукашэнка заявіў аб намеры разьвіваць кантрактную армію.
«Мы прыглядаемся да гэтага досьведу, каб у будучыні сябе абараніць. Толькі ў гэтым наша мэта», — сказаў ён.
Пра вагнэраўцаў у Беларусі
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што хоча выкарыстоўваць наймітаў ПВК «Вагнэр» у якасьці базы для стварэньня кантрактнай арміі ў Беларусі.
Лукашэнка зазначыў, што частка «вагнэраўцаў» паступіла на службу ва ўзброеных сілах Расеі, нехта будзе працаваць у Афрыцы, а частка застанецца ў Беларусі.