«Я зьвяртаюся да маіх братоў, уладаў Расейскай Фэдэрацыі, з заклікам да аднаўленьня Чарнаморскай ініцыятывы і магчымасьці бясьпечнага транспартаваньня ўкраінскага збожжа», — заявіў ён у сваім пасланьні ў Ватыкане, паведамляе Vatican News.
Таксама папа Францішак заклікаў «не забываць маліцца за Ўкраіну, дзе вайна прыводзіць да разбурэньня ўсяго, нават збожжа».
- 17 ліпеня Крэмль заявіў аб спыненьні дзеяньня Чарнаморскага збожжавага пагадненьня, заключанага ў ліпені 2022 года асобна Расеяй і Украінай з ААН і Турэччынай у Стамбуле.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 19 ліпеня сказаў, што, нягледзячы на заяву Расеі аб спыненьні ўдзелу ў «збожжавай угодзе», Кіеў можа прадоўжыць экспарт збожжа. Ён заявіў, што чакае ад генсакратара ААН Гутэрыша «практычных дзеяньняў па працягу дзеяньня Чарнаморскага збожжавага калідора» без удзелу Расеі, а таксама мае намер абмеркаваць з турэцкім лідэрам Рэджэпам Эрдаганам, што рабіць, каб запэўніць бясьпеку збожжавага калідора.
- 19 ліпеня Мінабароны Расеі заявіла, што з 20 ліпеня ўсе судны, якія рухаюцца ў акваторыі Чорнага мора ва ўкраінскія парты, будуць разглядацца ёй як патэнцыйныя перавозчыкі вайсковых грузаў. Краіны, пад сьцягамі якіх ходзяць гэтыя судны, будуць лічыцца ўцягнутымі ў канфлікт на баку кіеўскага рэжыму. Украіна ў адказ таксама заявіла, што будзе разглядаць усе судны ў Чорным моры, якія ідуць у расейскія парты ці часова акупаваныя РФ украінскія парты, як судны, што перавозяць грузы ваеннага прызначэньня.
- Пасьля выхаду са збожжавага пагадненьня Расея ўзмацніла атакі па поўдні Ўкраіны, у прыватнасьці партовай інфраструктуры Адэшчыны. Міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў 26 ліпеня заявіў, што Расея за апошнія 9 дзён сваімі ўдарамі пашкодзіла і часткова зьнішчыла 26 аб’ектаў партовай інфраструктуры і пяць грамадзянскіх судоў. Паводле Кубракова, Масква таксама абмяжоўвае суднаходзтва ў раёне акупаванага Крыму і тэрытарыяльных водаў Баўгарыі, такім чынам блякуючы рух суднаў у марскія парты Украіны.