Адзначаецца, што Азараў прапанаваў накіраваць трох прадстаўнікоў КР у Назіральную раду ByPol для прызначэньня незалежнага фінансавага аўдыту.
5 ліпеня дэлегаты КР накіравалі ў фонд адказ на яго зварот, у якім гаворыцца, што паўнамоцтвы Назіральнай рады не знайшлі падтрымкі большасьці дэлегатаў КР на агульным галасаваньні.
Адзначаецца, што падрыхтоўка і занясеньне зьмен у Статут ByPol, а таксама фінансавы аўдыт зоймуць больш за два месяцы. Пры гэтым да 1 жніўня 2023 года заплянавана правядзеньне слуханьняў КР аб выніках дзейнасьці прадстаўнікоў АПК, у тым ліку Азарава.
Таксама падкрэсьліваецца, што прапанаваны ўваход дэлегатаў КР у склад ByPol на нявызначаны тэрмін супярэчыць статуту КР, бо тэрмін дзеяньня паўнамоцтваў дэлегата складае дванаццаць месяцаў.
Пры гэтым дэлегаты КР заўважаюць, што паднятае ў звароце ByPol пытаньне важнае і сябры КР зацікаўлены ў яго вырашэньні.
- У пачатку чэрвеня ў ByPol адбыўся публічны скандал. Аляксандар Азараў заявіў аб звальненьні «групы асоб» за адмову праходзіць праверку на паліграфе, а таксама абвінаваціў аднаго зь іх — Мацьвея Купрэйчыка — у крадзяжы ютуб-канала ByPol і акаўнтаў у сацыяльных сетках.
- Група Купрэйчыка ў сваю чаргу заявіла аб звальненьні Азарава, а таксама другога члена абʼяднаньня Станіслава Лупаносава (абодва раней працавалі ў ГУБАЗіК) з прычыны «дэструктыўнай дзейнасьці і выяўленых парушэньняў з іх боку патрабаваньняў бясьпекі». Сьцьвярджалася, што Азараў «не зьяўляецца і ніколі не быў заснавальнікам або кіраўніком ByPol», але ўзначальваў створаны ім «для выкананьня фармальных функцый» аднайменны фонд.
- АПК абʼявіў аб пачатку праверкі «з мэтай вывучэньня абставін» сытуацыі ў ByPol, «выпрацоўкі высноў і прыняцьця адпаведных рашэньняў».
- Пазьней бакі канфлікту правялі сустрэчу пры пасярэдніцтве АПК. Было вырашана, што абʼяднаньне падзеліцца на дзьве арганізацыі, іх праца рэарганізуецца.
- 5 ліпеня група былых сілавікоў з ByPol перайменавана ў BelPol. У распаўсюджаным прэс-рэлізе адзначаецца, што «назва новая, але мэты ранейшыя».
- «Што да выключаных з Абʼяднаньня сілавікоў Беларусі А. Азарава і С. Лупаносава, паведамляем, што мы спыняем любое супрацоўніцтва з названымі асобамі і фондам ByPol», — гаварылася ў рэлізе.