Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё пад нож».  Выданьні мэдыяхолдынгу «Патрыёт» Яўгенія Прыгожына абвясьцілі пра закрыцьцё


Яўгеній Прыгожын
Яўгеній Прыгожын

Заснавальнік ПВК «Вагнэр» і бізнэсоўца Яўгеній Прыгожын распусьціў мэдыяхолдынг «Патрыёт», куды ўваходзілі выданьні «РИА ФАН», «Народные новости» і іншыя. 30 чэрвеня многія выданьні мэдыяхолдынгу аб’явілі пра закрыцьцё.

Аб спыненьні працы «РИА ФАН» заявіла ТАСС яго галоўны рэдактар Крысьціна Масянкова. Рэдакцыя выданьня «Невские новости», якое ўваходзіць у «Патрыёт», паведаміла пра спыненьне свайго існаваньня і разьвіталася з чытачамі. Тое самае зрабіла выданьне «Экономика сегодня». Выданьне «Политика сегодня» абʼявіла, што яно «радыкальна перафарматуецца» і, магчыма, працягне працу ў фармаце аўтарскага блога.

Як паведаміла выданьне The Bell са спасылкай на крыніцы ў мэдыяхолдынгу, нарада аб закрыцьці кампаніі праходзіла пры асабістым удзеле Прыгожына. Рэдактарам даручылі «ўсё [пусьціць] пад нож» і зьнішчыць усе сьляды прысутнасьці ў інтэрнэце — ня толькі сайты мэдыя, але і сацсеткі, тэлеграм-каналы, старонкі на «Яндекс-дзен» і чаты. На пытаньне аб тым, як праходзіла нарада, суразмоўца The Bell адказала: «Усё як звычайна, усіх х****сіў, сказаў, што вы мне на *ер не патрэбныя».

У сваю чаргу газэта «Коммерсантъ» піша, што мэдыя, зьвязаныя з Прыгожыным, заблякаваў «Роскомнадзор». Прычыны блякаваньня не ўдакладняюцца.

Тым часам з будынку, дзе знаходзіцца «ПВК Вагнэр Цэнтар», зьнялі яго шыльду, паведамляе «Фонтанка».

  • Пасьля пачатку мяцяжу ў мінулыя выходныя большасьць працаўнікоў мэдыяхолдынгу «Патрыёт» у Пецярбургу, чыю апякунскую раду ўзначальваў Прыгожын, ня вышлі на працу. Тады ж у будынку холдынгу адбыўся ператрус, супрацоўнікі праваахоўных органаў канфіскавалі сэрвэры і зьвезьлі іх.
  • Дамовіцца аб перадачы холдынгу Прыгожына ва ўпраўленьне новаму ўладальніку, па словах крыніц, не ўдалося.
  • Пра зьяўленьне холдынгу, зьвязанага зь Яўгеніем Прыгожыным, стала вядома ў 2019 годзе. Тады Прыгожын узначаліў апякунскую раду мэдыягрупы.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG