Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту Падабеду прысудзілі 4 гады калёніі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні»


Павал Падабед, архіўнае фота
Павал Падабед, архіўнае фота

Суд над журналістам Паўлам Падабедам працягваўся 2 дні.

Працэс над палітзьняволеным журналістам Паўлам Падабедам распачаўся 28 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе.

Справу разглядае Яўген Пісарэвіч, які стала ўдзельнічае ў палітычных працэсах ад 2020 году.

На першым паседжаньні суд апытаў Падабеда адносна ўдзелу ў «экстрэмісцкім фармаваньні» — яму інкрымінуецца супраца з тэлеканалам «Белсат». Яго таксама падазраюць у падрыхтоўцы сюжэтаў для расьсьледніцкіх праграм — у прыватнасьці, пра зьнікненьне відэаапэратара Дзьмітрыя Завадзкага і забойства журналіста Паўла Шарамета, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У судзе таксама дэманстравалі відэа «пратэставага кантэнту», некаторым зь іх ужо 10–15 гадоў (у той час у беларускім заканадаўстве не існавала паняцьця «экстрэмісцкае фармаваньне» ў дачыненьні да СМІ).

Акрамя таго, стала зразумела, што за Паўлам Падабедам сачылі, яго тэлефон праслухоўвалі — у якасьці «доказаў» уключалі запісы размоваў, зь якіх нібыта вынікае датычнасьць да «экстрэмісцкага рэсурсу». Таксама цытаваліся ліставаньні ў мэсэнджарах.

30 чэрвеня пасьля 15 гадзіны журналісту прысудзілі 4 гады калёніі, паведаміла БАЖ.

Перасьлед Паўла Падабеда

Паўла Падабеда затрымалі 20 студзеня 2023 году. У той дзень ён пайшоў на пошту заплаціць за навучаньне сына. Пасьля ён перастаў выходзіць на сувязь. Сам факт арышту Павал Падабед пацьвердзіў, патэлефанаваўшы сваякам. Яго ўтрымлівалі ў ІЧУ Менскага раёну, абвінаваціўшы паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 у распаўсюдзе (рэпосьце) «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

4 лютага скончыліся 15 дзён адміністрацыйнага арышту, якім пакаралі відэаапэратара. Але на волю ён так і ня выйшаў. Яго перавялі ў СІЗА №1 Менску і завялі крымінальную справу паводле артыкула 361- 4 Крымінальнага кодэксу («Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

За кратамі Падабед ужо больш за паўгода, цяпер яму інкрымінуюць «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім» паводле ч. 3 арт. 364-1 Крымінальнага кодэксу, за што пагражае абмежаваньне волі да 4 гадоў або накіраваньне ў калёнію на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG