Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс 26 чэрвеня заявіў пра гатоўнасьць разьмясьціць на тэрыторыі Літвы дадаткова 4 тысячы вайскоўцаў на сталай аснове.
Як паведаміла агенцтва AFP, з такой заявай Борыс Пісторыюс выступіў у часе свайго візыту ў Вільню (Літва), пасьля таго як літоўскі прэзыдэнт заклікаў NATO ўмацаваць усходні флянг на тле падзей у Расеі.
«Нямеччына гатовая на сталай аснове разьмясьціць у Літве моцную брыгаду», — заявіў Борыс Пісторыюс.
Цяпер у Літве стала знаходзяцца 800 нямецкіх вайскоўцаў, яшчэ 650 перакінулі туды часова пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 25 чэрвеня заявіў, што калі ўласьнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын прыедзе ў Беларусь, NATO трэба будзе ўзмацніць сваю абарону на ўсходзе.
Боріс Пісторыюс разам з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам наведаў Вільню для падрыхтоўкі да саміту альянсу ў ліпені.
Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер 30 траўня заявіў пра перамовы па павелічэньні ліку вайсковага нямецкага падразьдзелу, які дысьлякуецца ў Літве.
«Пытаньне брыгады абмяркоўваецца і ў Літве, і ў Нямеччыне. Палітычнае кіраўніцтва Літвы і Нямеччыны не аспрэчвае гэтае пытаньне. Як сказаў прэзыдэнт Наўседа, мы ведаем, што абодва бакі мусяць зрабіць сваю „дамашнюю работу“, таму цяпер мы робім крокі для павелічэньня колькаснага складу вайсковай брыгады ў Літве», — сказаў Франк-Вальтэр Штайнмаер.