Украінскія вайскоўцы працягваюць праводзіць наступальныя дзеяньні на фронце, войска РФ «церпіць найбольшыя страты з часоў піка бітвы за Бахмут», гаворыцца ў справаздачы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, якое спасылаецца на выведку краіны.
Брытанская выведка адзначае, што ва Ўкраіне «ў апошнія дні працягваюцца цяжкія баі, найбольш інтэнсіўныя баі сканцэнтраваныя ў Запароскай вобласьці, на захадзе Данецкай вобласьці і вакол Бахмута».
Паводле зьвестак выведкі, па ўсіх напрамках Украіна працягвае весьці наступальныя апэрацыі і «дабілася нязначных посьпехаў».
«На поўдні расейскія войскі часта праводзяць адносна эфэктыўныя абаронныя апэрацыі. Абодва бакі церпяць значныя страты, прычым страты расейцаў, верагодна, самыя высокія з часоў піка бітвы за Бахмут у сакавіку», — гаворыцца ў паведамленьні.
У пачатку чэрвеня зьявіліся паведамленьні пра пераходзе ўкраінскіх войскаў у наступ. 10 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі афіцыйна пракамэнтаваў паведамленьне пра контранаступ Украіны словамі: «ва Ўкраіне вядуцца пэўныя абаронныя і контрнаступальныя дзеяньні, на якой стадыі — я ня буду падрабязна гаварыць».