Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліла праект закону аб спыненьні з 1 студзеня 2023 году дзеяньня пагадненьня з Украінай аб прадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня і ўхіленьня ад выплаты падаткаў на прыбытак і маёмасьць.
Украіна выйшла з гэтага пагадненьня летась. Для ўкраінскага боку дакумэнт страціў юрыдычную моц з 11 сьнежня 2022 году.
Вынікае, што Беларусь яшчэ больш за паўтара месяца ў аднабаковым парадку выконвала нормы гэтага пагадненьня.
Як адзначаецца ў тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў, «ухваленьне закону гарантуе парытэт у падатковых узаемадзеяньнях і выключыць неабгрунтаваныя аднабаковыя страты ў выніку наданьня льгот украінскім рэзыдэнтам, згодна з пагадненьнем».
Вярхоўная Рада Ўкраіны 16 лістапада 2022 году ўхваліла закон аб спыненьні дзейнасьці пагадненьня паміж урадамі Ўкраіны і Беларусі аб прадухіленьні падвойнага падаткаабкладаньня і ўхіленьня ад выплаты падаткаў на прыбытак і маёмасьць. Гэты закон набыў юрыдычную моц 11 сьнежня 2022 году.
Украінскі бок матываваў мэтазгоднасьць спыненьня дзеяньня пагадненьня неабходнасьцю абароны нацыянальнай бясьпекі «ў сувязі з падтрымкай Рэспублікай Беларусь беспрэцэдэнтнай, адкрытай, шырокамаштабнай узброенай вайны Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны».
Пасьля спыненьня дзеяньня пагадненьня на тэрыторыі Ўкраіны да ўсіх рэзыдэнтаў Беларусі прымяняецца ня льготная, а звычайная стаўка падаткаў. Украіна таксама ад сьнежня 2022 году спыніла абмен зь Беларусьсю інфармацыяй у справе падаткаў.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Украіна выйшла больш як з 30 з пагадненьняў зь Беларусьсю, у тым ліку:
- аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
- аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
- аб паветраных зносінах;
- аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
- аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году,
- аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
- аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
- узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадстаўленыя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
- аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
- аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
- аб супрацы памежных структур і малым памежным руху;
- аб супрацы ў сфэры кіналёгіі і абмену інфармацыяй;
- аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня;
- аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
- аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
- аб суднаходзтве па ўнутраных водных шляхах;
- аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
- аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
- аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгій;
- аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
- міжведамаснага пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў;
- аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
- аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.
Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны.