Як паведамляе Белгідрамэт, у большасьці раёнаў Беларусі пад збожжавымі культурамі запасы вільгаці застаюцца нізкімі. Паводле зьвестак асобных мэтэастанцый, глебавая засуха дасягнула крытэрыю небясьпечнай аграмэтэаралягічнай зьявы. На лёгкіх глебах і на ўзвышаных участках збожжавыя культуры жаўцеюць, скручваюцца і засыхаюць.
У найбліжэйшы час у большасьці раёнаў Беларусі захаваюцца складаныя ўмовы, толькі ў другой палове гэтага тыдня ў заходняй частцы краіны (Горадзенская і Берасьцейская вобласьці) чакаюцца больш працяглыя і інтэнсіўныя дажджы, якія павінны папоўніць колькасьць вільгаці ў глебе.
Мінпрыроды аб’явіла экстраную акцыю
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі аб’явіла экстраную акцыю. Яно заклікае паліваць маладыя дрэвы і кусты па ўсёй краіне, каб яны не загінулі ад засухі.
У Мінпрыроды адзначаюць, што «без дапамогі чалавека большасць маладых дрэў і кустоў асуджаныя на хуткую пагібель».
Ведамства публікуе рэкамэндацыі, як правільна гэта рабіць.