Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўнік расейскай арміі заявіў пра катаваньні у палоне ў «вагнэраўцаў»


Магілы наймітаў ПВК «Вагнэр» у Новасібірску
Магілы наймітаў ПВК «Вагнэр» у Новасібірску

Падпалкоўнік Узброеных сілаў Расеі Раман Вінівіцін, які раней быў затрыманы байцамі ПВК «Вагнэр», абвінаваціў наймітаў прыватнай ваеннай кампаніі ў катаваньнях, а заснавальніка ПВК Яўгена Прыгожына — у дыскрэдытацыі расейскай арміі.

Пра гэта ён сказаў у відэазвароце, апублікаваным тэлеграм-каналамі Baza і «Осторожно, новости».

На мінулым тыдні прэсавая служба Прыгожына заявіла, што нібыта «вагнэраўцы» пры адыходзе з Бахмута заўважылі, што ў тыле група расейскіх кадравых вайскоўцаў мінуе дарогі. Пры спробе разьміноўваньня «вагнэраўцы» трапілі пад абстрэл, завязаўся бой — і ў выніку найміты захапілі камандзіра 72-й мотастралковай брыгады падпалкоўніка Рамана Вінівіціна.

Пазьней прэсавая служба ПВК апублікавала відэа допыту вайскоўца. Вінівіцін кажа, што 17 траўня загадаў сваім падначаленым раззброіць і абстраляць машыну з групай наймітаў. Паводле яго слоў, ён зрабіў гэта «праз асабістую непрыязь» і ў стане алькагольнага ап’яненьня.

У сваім відэазвароце Вінівіцін пацьвердзіў, што камандаваў 72-й брыгадай расейскіх войскаў, якая займала пазыцыі на бахмуцкім напрамку. Паводле яго слоў, яго ўзялі ў палон, калі ён абʼяжджаў свае падразьдзяленьні: байцы ПВК «Вагнэр» заступілі яму шлях, а «для гэтага не было ніякіх прававых і іншых падставаў». «Цярпець гэта я, як баявы афіцэр, не зьбіраўся», — сказаў ён, адзначыўшы, што падпарадкоўваецца толькі свайму непасрэднаму начальству.

«У выніку супрацоўнікі ПВК „Вагнэр“ былі раззброеныя і адпраўленыя ў вядомым кірунку, — сьцьвярджае ён. — Пасьля мяне ўзялі ў палон, трымалі ў падвале, зьдзекаваліся так, як ня зьдзекаваўся б любы азлоблены расейскі салдат над палонным салдатам УСУ: мяне зьбілі, не давалі спаць, тры разы за ноч мяне проста выцягвалі з склепа і спрабавалі расстраляць... І вы пасьля гэтага заяўляеце, што я быў затрыманы для правядзеньня сьледчых дзеяньняў?».

«Напружанасьць» з «вагнэраўцамі», паводле яго слоў, існавала з самага пачатку, як ягоную брыгаду перакінулі на бахмуцкі напрамак. Як сьцьвярджае Вінівіцін, гэта было зьвязана ня толькі з правакаваньнем на канфлікты, «увесьчаснымі пагрозамі „абнуліць“ і „забіць“», але і з «канкрэтнымі дзеяньнямі».

«Мела месца выкраданьне нашых байцоў, дзе супраць іх ужываўся фізычны гвалт, мэтады прыніжэньня гонару і годнасьці. Так, напрыклад, быў выкрадзены старшына аднаго з нашых батальёнаў — яго мучылі, катавалі, голым трымалі на халоднай падлозе ў склепе. Пырскалі ў вочы кіслатой і ўсялякімі хімічнымі рэчывамі, ад якіх ён на час страціў зрок. Аблівалі бэнзінам, падносілі запальнічку. Спрабавалі спаліць», — заявіў ён.

Вінівіцін абвінаваціў Прыгожына ў палітычным піяры, актыўнай дыскрэдытацыі войска і спробах «прадставіць ПВК „Вагнэр“ як адзіную эфэктыўную структуру». Прыгожын пакуль не камэнтаваў гэты відэазварот.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG