Афіцыйны курс даляра ЗША ў Беларусі за пяць месяцаў 2023 году вырас на 6,80% (з 2,7364 да 2,9226 рубля). Сярод краінаў былога СССР Беларусь — на трэцім месцы па росьце курсу даляра за гэты пэрыяд, сьведчыць праведзены BPN параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў на 31 сьнежня 2022 году і 31 траўня 2023-га.
Для параўнаньня: па выніках 2022 году Беларусь заняла трэцяе месца на тэрыторыі былога СССР па росьце афіцыйнага курсу даляра (+7,39%).
За пяць месяцаў 2023 году больш курс даляра вырас толькі ў Расеі — на 14,71% (з 70,3375 да 80,6872 рубля) і Таджыкістане — на 6,97% (з 10,2024 да 10,9137 самані).
Менш, чым у Беларусі, даляр падаражэў у Кіргізстане — на 2,23% (з 85,68 да 87,59 сома) і Ўзбэкістане — на 1,61% (з 11.225,46 да 11.405,84 сума).
Не зьмяніўся афіцыйны курс даляра за гэты пэрыяд у Азэрбайджане (1,7 маната), Туркмэністане (3,5 маната) і Ўкраіне (36,5686 грыўні).
Патаньнеў даляр у Латвіі, Літве, Эстоніі — на 0,16% (з 0,9376 да 0,9361 эўра), Армэніі — на 1,77% (з 393,57 да 386,62 драма), Казахстане — на 3,37% (з 462,65 да 447,08 тэнге), Грузіі — на 4,07% (з 2,7020 да 2,5919 лары) і Малдове — на 7,12% (з 19,1579 да 17,7939 лея).