Удакладняецца, што «ІП ня змогуць займацца аптовым гандлем і аказваць турыстычныя паслугі», а сам пералік відаў дзейнасьці для іх «цяпер прапрацоўваецца» і будзе гатовы на працягу двух месяцаў пасьля прыняцьця закону.
«Прадпрымальнікі павінны правесьці перарэгістрацыю відаў дзейнасьці да 25 сьнежня 2025 году, — паведаміў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Леанід Брыч. — Фізасоба не панясе затраты на рэгістрацыю з індывідуальнага прадпрымальніка ў камэрцыйную арганізацыю. Іх бярэ на сябе дзяржава».
Аб падрыхтоўцы законапраекту, які прадугледжвае спрашчэньне бізнэс-працэсаў, 4 траўня паведаміла прэс-служба Міністэрства эканомікі са спасылкай на намесьніка кіраўніка ведамства Тацяну Бранцэвіч.
На онлайн-сустрэчы з прадстаўнікамі бізнэсу Брэсцкай вобласьці ў той дзень яна заявіла, што праект дакумэнту прапануе прадпрымальнікам «стымулы да пераходу на новы ўзровень разьвіцьця: паскораны, гэта значыць „дзень у дзень“, парадак перарэгістрацыі з ІП у камэрцыйную арганізацыю, спрашчэньне адміністраваньня бізнэс-працэсаў, пашырэньне доступу да дзяржаўнай фінансавай падтрымкі».
Мэта зьменаў, адзначыла Бранцэвіч, — «простыя і зразумелыя „правілы гульні“ для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня».