Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчуку прысудзілі 9 гадоў за выкраданьне двух чалавек. Яго саўдзельніка яшчэ шукаюць


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Суд Заводзкага раёну Менску разгледзеў справу на жыхара беларускай сталіцы, які два гады таму выкраў двух чалавек.

Раней судзімы 36-гадовы мянчук і ягоны 18-гадовы хаўрусьнік пасварыліся з двума мужчынамі ў жніўні 2021 году. Калі тыя селі ў аўтамабіль менчука, старэйшы стаў пагражаць ім пісталетам. Таксама некалькі разоў ударыў аднаго дзержаком, разьбіў галаву. Другі мужчына паспрабаваў выйсьці з машыны, але дзьверы былі заблякаваныя, — гаворыцца ў матэрыялах пракуратуры.

Далей мужчына забраў у іх усю маёмасьць, зьвязаў рукі плястыкавымі хамутамі і прышпіліў сваіх ахвяр да мэталічных ланцугоў, прывараных пад сядзеньнямі, надзеў на іх лыжныя акуляры, шкло якіх было нечым залеплена, заклеіў раты скотчам і адвёз у лес.

Па прыезьдзе ў лес злачынец выцягнуў мужчын з салёну, пасадзіў у яму і закапаў па шыю, добра ўтрамбаваўшы пясок нагамі, пасьля чаго абматаў іх галовы скотчам і заклеіў вушы. Яго хаўруснік здымаў усё, што адбываецца, на мабільны тэлефон.

Калі тыя зьехалі, аднаму з пацярпелых удалося выбрацца зь ямы і ён дапамог вылезьці зь яе прыяцелю. Яны пайшлі ў бок дарогі, дабраліся да Менску і апавясьцілі аб злачынстве міліцыю.

Зламысьнікі пасьпелі схавацца, іх аб’явілі ў вышук. Праз год старэйшага зь іх затрымалі ў Маскве і экстрадавалі ў Беларусь.

У выніку 12 траўня суд Заводзкага раёну Менску прызнаў мужчыну вінаватым паводле артыкулу 182 КК (Выкраданьне чалавека). Яму прызначылі 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. На падставе закону «Аб амністыі ў сувязі зь Днём народнага адзінства» адзін год ад тэрміну аднялі. Акрамя таго, канфіскавалі машыну, на якой мянчук выкраў людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG