Уладзімір Зяленскі таксама паінфармаваў Папу пра формулу міру як, па яго словах, «адзіны эфэктыўны альгарытм дасягненьня справядлівага міру, і прапанаваў далучыцца да яе рэалізацыі». Плян зь дзесяці пунктаў, у прыватнасьці, прадугледжвае вывад акупацыйных войскаў з Украіны і кампэнсацыю ўрону. У формуле міру Зяленскага таксама гаворыцца пра вызваленьне ўсіх палонных і дэпартаваных, харчовую і энэргетычную бясьпеку.
«Пры ўсёй павазе да Папы, нам патрэбен не пасярэднік паміж Украінай і агрэсарам, які акупаваў нашы тэрыторыі, а плян дзеяньняў для ўстанаўленьня справядлівага міру ва Ўкраіне», – заявіў прэзыдэнт Украіны ў эфіры італьянскага ТБ пасьля сустрэчы з папам рымскім.
Па словах Зяленскага, мэта Кіева – прыцягнуць прыхільнікаў менавіта да сваёй формулы міру, а не да прапановаў умоваў для заканчэньня вайны, якіх «будзе яшчэ шмат з розных краін».
У мінулым месяцы Папа Францішак паведаміў журналістам, што Ватыкан удзельнічае ў міратворчай місіі, каб паспрабаваць спыніць канфлікт, выкліканы поўнамаштабным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну.
Ён не паведаміў падрабязнасьцяў, але ва Ўкраіне і ў Расеі заявілі, што ня ведаюць, што гэта за місія.
Летась напярэдадні Вялікадня паводле грыгарыянскага календара Ватыкан паспрабаваў «прымірыць» расейцаў і ўкраінцаў, прапанаваўшы прадстаўнікам двух народаў сымбалічна пранесьці крыж падчас Крыжовага шляху ў Вялікую пятніцу каля Калізэю. Кіеў тады назваў ініцыятыву надзвычай абуральнай і нясвоечасовай. У Ватыкане заявілі, што мір павінен быць адноўлены з удзелам усіх бакоў канфлікту.
13 траўня ў Рыме Зяленскі таксама сустрэўся з прэзыдэнтам Італіі Сэрджыё Матарэлам, прыхільнікам Кіева на міжнароднай арэне. Прэзыдэнт Украіны таксама правёў перамовы з прэм'ер-міністрам Джорджам Мэлоні.
Зяленскі наведаў Італію і Ватыкан упершыню ад пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі.