Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская выведка не выключае расейскіх правакацый на 9 траўня, каб уцягнуць Беларусь у вайну


Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў

Расея можа плянаваць на 9 траўня правакацыі супраць Беларусі, заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў у эфіры нацыянальнага тэлемаратону.

Паводле яго, «апэрацыя пад фальшывым сьцягам» з боку Расеі магла б быць «накіравана на ўцягваньне беларускай арміі ў вайну супраць Украіны».

Юсаў падкрэсьліў, што «такога роду правакацыі акупанты выкарыстоўваюць з 2014 года, і ня выключана, што мы іх убачым зараз».

«Ніхто, ні ва Ўкраіне, ні ў астатнім сьвеце больш не паверыць у такія відовішчы. Хаця гэта не значыць, што ня будзе правакацый», — дадаў ён.

Ніякіх доказаў сваім словам ён не прывёў.

Тым часам Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі прагназуе «значную эскаляцыю абстаноўкі» па перымэтры Беларусі, заявіў кіраўнік спэцслужбы Іван Тэртэль 2 траўня пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

«Не спыняюцца спробы дэстабілізацыі сытуацыі ўнутры нашай краіны. Гэта найперш цэнтры за мяжой, якія плянуюць гэтую дзейнасьць пры непасрэднай падтрымцы куратараў, у тым ліку з замежных спэцслужбаў», — адзначаў ён.

Паводле старшыні КДБ, на тэрыторыі Беларусі плянуецца «шэраг сур’ёзных акцый».

У адпаведнасьці з указаньнем Лукашэнкі, сказаў Тэртэль, будзе прыняты «шэраг захадаў, зьвязаных з узмацненьнем жорсткасьці контрвыведвальнага рэжыму».

На нарадзе Лукашэнка заявіў, што побач з Беларусьсю «нарошчваецца вайсковы патэнцыял NATO, адбываюцца правакацыі на мяжы».

«Становішча нас прымушае рэагаваць на тую сытуацыю, якая складваецца, — зазначыў ён. — Таму было даручана ўраду, сілавому блёку падрыхтаваць сурʼёзныя мерапрыемствы на мяжы з мэтай недапушчэньня на тэрыторыю Беларусі рознага роду дывэрсантаў. Апошнім часам такія выпадкі пачасьціліся».

5 траўня ўлады Беларусі ўвялі пашпартны кантроль на мяжы з Расеяй, правяраюць дакумэнты ў тых, што прыяжджае з расейскай тэрыторыі.

Раней Лукашэнка неаднаразова сьцьвярджаў, што з тэрыторыі Ўкраіны і краін NATO плянуецца напад на Беларусь. 28 красавіка падчас паездкі ў Ветку (Гомельская вобласьць) ён зьмяніў прывычную рыторыку і заявіў: «Ніхто на нас нападаць не зьбіраецца. У тым ліку ўкраінцы. Ды і заходнікі, зь якімі я сустракаюся, яны мне гавораць: «Да вас ні ўкраінцы, ні палякі не зьбіраюцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG