Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ніжнім Ноўгарадзе ўзарвалі машыну аднаго з ідэолягаў «русского мира» Захара Прылепіна


Захар Прылепін, архіўнае фота
Захар Прылепін, архіўнае фота

У Ніжнім Ноўгарадзе ўзарваўся аўтамабіль Audi Q7, у якім знаходзіўся пісьменьнік і расейскі прапагандыст Захар Прылепін.

Пра гэта паведамляюць расейскія дзяржаўныя генцтвы са спасылкай на экстраныя службы. Факт выбуху пацьвердзілі ў МУС Расеі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку выбуху машыны загінуў кіроўца пісьменніка, сам Прылепін паранены, яму надаюць мэдыцынскую дапамогу. Паводле крыніцы РІА «Новости» ў сілавых структурах, Прылепін атрымаў пераломы і страсеньне мозгу. Пры гэтым прэс-служба Прылепіна заявіла, што зь пісьменьнікам «усё ў парадку».

У Ніжагародскай вобласьці затрымалі мужчыну, які можа мець дачыненьне да падрыву аўтамабіля, паведамляе МУС Расеі. Тым часам Сьледчы камітэт РФ кваліфікаваў замах на Прылепіна як тэракт і завёў крымінальную справу.

«Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцы ў экстраных службах паведаміў, што аўтамабіль, у якім знаходзіўся Прылепін, узарваўся падчас руху. «Асноўная вэрсія — падрыў самаробнай выбухной прылады на радыёкіраваньні», — паведамілі крыніцы. Паводле папярэдніх зьвестак, у дно машыны была закладзеная самаробная выбухная прылада.

РБК сьцьвярджае, што Прылепін толькі сёньня раніцай вярнуўся з падкантрольных Расеі тэрыторый Украіны і ехаў у Ніжагародзкую вобласьць да сям’і.

Захар Прылепін — вядомы расейскі пісьменьнік, адзін зь лідэраў партыі «Справядлівая Расея — за праўду» (быў у 2021 годзе абраны ў Дзярждуму, але адмовіўся ад мандата). З 2014 года займае рэзка антыўкраінскую пазыцыю, нейкі час ваяваў на баку сэпаратыстаў «ДНР». Увосень мінулага гады паведамлялася, што ён ізноў адправіўся на вайну ва Ўкраіну ў складзе Расгвардыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG