У Нямеччыне памёр найстарэйшы асуджаны ахоўнік канцлягера — 102-гадовы Ёзэф Шутц.
Летась яго пакаралі 5 гадамі пазбаўленьня волі за ўдзел у забойстве больш як 3500 чалавек. Аднак Шутц падаў апэляцыю і не правёў у турме ні дня.
Суд высьветліў, што Шутц быў ахоўнікам у нацысцкім канцэнтрацыйным лягеры Заксэнгаўзэн у пэрыяд з 1942-га па 1945 год. У лягеры ўтрымлівалі каля 200 тысяч палітычных вязьняў, габрэяў, геяў і цыганоў. Дзясяткі тысяч зь іх забілі. Шутца абвінавацілі ў саўдзеле ў расстрэлах і атручэньнях газам.
Сам Шутц гэта адмаўляў. Паводле яго, у той час ён быў рабочым на фэрме.
Нямеччына актывізавала пошук нацысцкіх злачынцаў пасьля справы 91-гадовага Джона (Івана) Дзем’янюка, які ў 2011 годзе быў асуджаны на 5 гадоў турмы за ахову канцлягераў Сабібор і Флёсэнбюрг і саўдзел у масавым забойстве зьняволеных. Дземʼянюк падаў апэляцыю і памёр у доме састарэлых у чаканьні яе разгляду.