Дакумэнт апублікаваны на сайце кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
Зь Беларусі пад санкцыі патрапілі лёгкаатлет Максім Недасекаў, міністар спорту і турызму Сяргей Кавальчук, старшыня Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь», рэктар Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алег Раманаў. Усе яны заяўлялі аб сваёй падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку і ягонай пазыцыі па вайне Расеі супраць Украіны.
Усяго пералік уключае 15 розных відаў санкцый. Абмежаваньні прадугледжваюць блякаваньне актываў, спыненьне гандлёвых апэрацый і іншыя меры – тэрмінам на 50 гадоў. Яны ня змогуць уехаць ва Ўкраіну і валодаць там маёмасцю.
Пад санкцыі патрапіла таксама беларуская кампанія «Інтермэх», якая займаецца распрацоўкай і ўкараненьнем сыстэм аўтаматызацыі працэсаў на машынабудаўнічых і прыборабудаўнічых прадпрыемствах.
Усяго ад пачатку вайны Зяленскі ўвёў тыя альбо іншыя абмежаваньні супраць больш як 2 500 грамадзян Беларусі – у тым ліку высокапастаўленых чыноўнікаў і сілавікоў, сярод якіх міністар абароны Віктар Хрэнін, генэральны пракурор Андрэй Швед, кіраўнік Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара, і больш як 1300 беларускіх кампаній, у тым ліку Беларускай чыгункі, «Беларуськалія», «Белнефтемаша», Гомельскага хімічнага заводу ды інш.
З расейцаў пад санкцыі ў прыватнасьці патрапілі фігурыст Ільля Авярбух, былы брамнік зборнай Расеі па футболе Ігар Акінфееў і гімнастка Сьвятлана Хоркіна.