Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справе абароны і нацыянальнай бясьпекі Валер Сахашчык заявіў у інтэрвію «Белсату», што рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да правакацыйных дзеяньняў на дзяржаўных межах Беларусі.
«Вядома, што КДБ даўно распрацаваў плян правакацыі на заходняй і паўднёвай мяжы, напрыклад, у сувязі з вясновым наступленьнем Узброеных сіл Украіны або з правядзеньнем саміту NATO ў Вільні 11-12 ліпеня», — заявіў Сахашчык.
Адкуль менавіта ён мае такія зьвесткі, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справе абароны і нацыянальнай бясьпекі не ўдакладніў.
Таксама цяпер, паводле зьвестак Сахашчыка, у Берасьцейскай вобласьці праводзяць прызыў «тысяч вайскоўцаў запасу для камплектаваньня злучэньняў і вайсковых частак і далейшага іх зладжваньня».
«Міжнародная ізаляцыя і нарастаньне ўнутранага напружаньня прымушаюць Лукашэнку пастаянна павышаць узровень агрэсіі ў адносінах да нашых суседзяў. Ён увязваецца ў любую авантуру на заходняй мяжы і кожны раз пагражае, што, маўляў, калі зараз зь ім не дамовяцца, то будзе яшчэ горш. Цяпер рэалізуецца чарговы этап гэтага пляну», — дадаў Валер Сахашчык, адзначыўшы, што «ад пагрозы агрэсіі да самой агрэсіі ўсяго адзін крок».
Тым часам Аляксандар Лукашэнка, а за ім беларускія сілавікі заяўляюць, што беларуская апазыцыя нібыта «рыхтуе правакацыі ў Беларусі», «ажно да тэрактаў», а войскі NATO, па словах камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова, нібыта «знаходзяцца на мяжы, шукаючы падставы стварыць нейкі прэцэдэнт».