Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першым квартале 2023-га ў Беларусі прадалі легкавікоў на 80% менш, чым год таму


Аўтамабіль Geely. Ілюстрацыйнае фота
Аўтамабіль Geely. Ілюстрацыйнае фота

У першым квартале аб'ём продажаў новых легкавых аўтамабіляў у Беларусі зьнізіўся на 80% да аналягічнага пэрыяду 2022-га і склаў 2903 адзінкі, сьведчаць зьвесткі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА).

У студзені 2023 году было рэалізавана 756 аўтамабіляў, у лютым — 945, у сакавіку — 1202.

«Станоўчым фактарам зьяўляецца зьяўленьне на беларускім рынку новых брэндаў і мадэляў аўтамабіляў, — зазначыў у справаздачы генэральны дырэктар СЗАТ „БелДжы“, сябар праўленьня БАА Генадзь Сьвідзерскі. — Але, у той жа час захоўваецца сытуацыя перавышэньня пакупніцкага попыту над прапановай».

На яго думку, у другім квартале аўтадылерам неабходна павялічыць абʼём прапановы новых аўтамабіляў, каб збалянсаваць каньюнктуру рынку.

З чэрвеня 2022 году нязьменным лідэрам продажаў зьяўляецца Geely. Цяпер на яе рахунку 72 працэнты ад усіх прададзеных новых легкавых аўтамабіляў.

Акрамя продажу новых аўтамабіляў сябрамі БАА ўвоз і рэалізацыю транспартных сродкаў катэгорыі М1 (M1G) ажыцьцяўлялі і іншыя юрыдычныя, а таксама фізычныя асобы.

Паводле «БАА-Кансалт», яны ў першым квартале рэалізавалі ня менш за 250 новых легкавых аўто пераважна прэміум-сэгмэнту (БМВ, «Лексус», «Ланд Ровер», «Таёта» і «Мэрсэдэс»).

Па выніках 2022 года, сьведчаць зьвесткі БАА, дылеры прадалі 14 843 легкавыя аўтамабілі. У лідэрах Geely (4355), Lada (3782) і Kia (1462).

У 2021 годзе ў Беларусі прадалі 46 837 згаданых тыпаў аўтамабіляў, у 2020-м — 53 537, 2019-м — 64 504. За апошнія тры гады продажы скараціліся на 49 661 адзінку (-77%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG