Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктару газэты «Беларусы і рынак» Залатых прысудзілі 4 гады зьняволеньня


Канстанцін Залатых
Канстанцін Залатых

Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў КК.

Справу мэдыямэнэджара Канстанціна Залатых разглядаў Менскі гарадзкі суд.

Дырэктара газэты «Беларусы і рынак» судзілі па артыкулах:

  • распальваньне варожасьці (ч. 2 арт. 130 КК);
  • абраза прэзыдэнта (ч. 1 арт. 368 КК);
  • абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК);
  • перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 КК).

Працэс вяла судзьдзя Алена Шылько.

Па абедзе першага судовага паседжаньня працэс над Канстанцінам Залатых зрабілі закрытым.

6 красавіка палітвязьню прысудзілі 4 гады зьняволеньня.

Перасьлед Канстанціна Залатых і газэты «Белорусы и рынок»

Залатых абвінавацілі ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці» (ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), «перавышэньні службовых паўнамоцтваў» (ч. 2 арт. 426).

Генэральная пракуратура перадала справу ў суд 21 лютага. Тады ж наглядны орган заявіў, што ў 2020 годзе Залатых апублікаваў у інтэрнэце паведамленьні з «абразамі і заклікамі да расправы над супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, абразай кіраўніка дзяржавы».

«Больш за тое, Залатых, будучы дырэктарам ЗАТ „Медыярынак“, дакладна ведаў пра ўнесеныя ў Закон Рэспублікі Беларусь „“Аб сродках масавай інфармацыі“ зьмены, якія перашкаджалі двум грамадзянам Рэспублікі Польшча валодаць сумарна 28% акцый таварыства», — гаварылася ў паведамленьні.

Генпракуратура заяўляла, што ў траўні 2021-га – студзені 2022 года ён нібыта «ў парушэньне заканадаўства, без правядзеньня агульнага сходу акцыянэраў, аднаасобна ўнёс зьмяненьні ў статут ЗАТ аб выключэньні са складу заснавальнікаў вышэйназваных замежных грамадзян і зарэгістраваў яго ў галоўным упраўленьні юстыцыі Менскага гарвыканкаму».

18 траўня 2022 года КДБ затрымаў Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Аляксандравіча і бухгальтарку Юлію Кахно. Аляксандравіча і Кахно ў той жа дзень адпусьцілі, Залатых зьмясьцілі ў СІЗА.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

23 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайта выданьня «Беларусы і рынак» (belmarket.by) «з прычыны распаўсюджваньня на сайце выданьня гіпэрспасылак на матэрыялы, якія былі прызнаныя судом экстрэмісцкімі». Сайт быў даступны за межамі краіны, аднак на ім абнаўляўся толькі разьдзел навін.

1 сьнежня Мінінфарм ануляваў рэгістрацыю друкаванага выданьня, якое выходзіла 32 гады.

Газэта «Белорусы и рынок» была заснаваная ў сьнежні 1990 году як штотыднёвік «Белорусский рынок».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG