55-гадоваму Анатолю Вайцяховічу закідаюць камэнтаваньне ў інтэрнэце і ўдзел у пратэстах, піша «Наша ніва».
Мужчына вучыўся ў Менскім радыётэхнічным тэхнікуме, а пасьля пайшоў на працу ў раённы вузел электрасувязі ў Баранавічах. У 1996 годзе стаў адным з заснавальнікаў мясцовай газэты «Шаг».
«Шаг» — адна зь першых прыватных газэт гораду, наклад якой калісьці сягаў 11 тысяч экзэмпляраў. Цяпер газэта перафарматаваная ў чыста рэклямную.
Пасьля выбараў 2001 году Анатоль звольніўся з «Шага» і заснаваў іншую газэту, якая называлася «Местная газета Шаг». Пасьля закрыцьця «Белорусской деловой газеты» ў ліпені 2003 году яна перадрукавала матэрыялы журналістаў газэты. За гэтую акцыю салідарнасьці з калегамі газэту спачатку забаранілі друкаваць у Беларусі, а пасьля закрылі.
Пасьля гэтага мужчына стаў прадпрымальнікам. Ён займаецца мэдыцынскімі таварамі і іншымі таварамі для здароўя.
Днямі яго затрымаў ГУБАЗіК. Яму закідаюць тое, што ён пакідаў у Telegram камэнтары супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і гвалту сілавікоў.