Сярод адказчыкаў раней называлі Аляксандра Лукашэнку, прэм’ер-міністра Беларусі і Менгарвыканкам.
Як паведамляецца на сайце ICSID, 25-30 сакавіка трыбунал міжнароднага суда ICSID праводзіў слуханьні па юрысдыкцыі і сутнасьці справы асабіста ў Лёндане і па відэаканфэрэнцыі. Статус разбору паказаны як «у чаканьні».
Да гэтага 27 лютага трыбунал праводзіў папярэднюю арганізацыйную нараду з бакамі ў рэжыме відэаканфэрэнцыі. 11 сьнежня 2022 году адказчык накіраваў у суд пярэчаньне па сутнасьці справы, паведмляецца на сайце суду.
Пра будаўніцтва гатэля ў аэрапорце «Менск» ў 2014 годзе казаў яшчэ Анатоль Калінін, на той момант — віцэ-прэмʼер Беларусі. Паводле яго, гатэль павінен быў пабудаваць у 2015-2016 гг. беларускі інвэстар. Апошні раз пра будаўніцтва гатэлю ў верасьні 2020 году казаў гендырэктар аэрапорту Вячаслаў Харанека. Ён расказаў, што ўдалося знайсьці інвэстара для будаўніцтва гатэлю, але не назваў яго. Узьвядзеньне абʼекту мусіла пачацца ў 2021 годзе.
Беларускі ўрад у сакавіку 2021 году выпусьціў пастанову, у якой Мінэканомікі і Менгарвыканкам вызначылі прадстаўнікамі Саўміна пры разглядзе справы паводле пазову літоўскіх кампаній у Міжнародным цэнтры па ўрэгуляваньні інвэстыцыйных спрэчак. На Менгарвыканкам таксама легла аплата выдаткаў па абароне інтарэсаў Беларусі ў гэтым судовым працэсе.
ICSID — вядучая ў сьвеце арганізацыя, якая займаецца ўрэгуляваньнем міжнародных інвэстыцыйных спрэчак. Суд, заснаваны пад эгідай Сусьветнага банка, зьяўляецца асноўным форумам для ўрэгуляваньня міжнародных інвэстыцыйных спрэчак, якія ўзьнікаюць у адпаведнасьці зь міжнародным правам. Рашэньне ICSID будзе абавязковым і падлягае неадкладнаму выкананьню.