Разгляд справы Яны Пінчук прызначаны на 10 красавіка.
У канчатковай рэдакцыі абвінаваўчага заключэньня абвінавачаньні ў дачыненьні да Пінчук пашырылі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Цяпер ёй таксама ставяць у віну:
- ч. 1 арт. 290.4 Крымінальнага кодэксу («Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй»),
- ч. 3 арт. 293 («Масавыя беспарадкі») КК РБ.
Раней Расея выдала Яну Пінчук Беларусі. Гэтыя артыкулы ня згадваліся ў матэрыялах крымінальнай справы да выдачы Пінчук і, як вынік, не разглядаліся падчас экстрадыцыйнай праверкі ў Расеі.
Паводле «Вясны», Беларусь парушыла свае гарантыі, што Пінчук не прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці і не пакараюць за злачынства, якое не фігуравала ў запыце аб яе экстрадыцыі. Паводле «Вясны», гэта парушае патрабаваньні Канвэнцыі аб прававой дапамозе 1993 году.
У запыце на экстрадыцыю Яны Пінчук фігуравалі наступныя артыкулы Крымінальнага кодэксу Беларусі:
- ч.3 арт.130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці),
- ч.3 арт.361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, ажыцьцяўленьня дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь);
- ч.1 і ч.2 арт.361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).