Сілавікі праводзяць зачыстку ў Віцебску, у тым ліку ходзяць па дачных участках у пошуках людзей, якія знаходзяцца ў вышуку, пра гэта паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў MAYDAY.TEAM.
Па інфармацыі праваабаронцаў, у Віцебску за апошнія некалькі дзён прайшлі ператрусы і затрыманьні шэрагу мясцовых жыхароў. Гаворка можа ісьці больш як пра дзясятак чалавек.
Паведамляецца, што ўчастковыя інспэктары міліцыі наведваюцца на дачныя ўчасткі віцяблянаў, шукаючы староньніх асоб, якія там пражываюць, а таксама людзей, якія знаходзяцца ў вышуку.
Нагадаем, пасьля дывэрсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах сілавікі па даручэньні Лукашэнкі праводзяць масавыя затрыманьні. Арышты ўжо былі ў Гомлі, Бабруйску, Салігорску і іншых гарадах.
На мінулым тыдні ў Глыбокім затрымалі каля 60 чалавек — крыніца з Глыбокага
Пра гэта піша ў сваім Фэйсбуку грамадзкі актывіст Кастусь Шыталь. Ён паведамляе, што, па зьвестках аднаго з інфарматараў, падчас зачысткі, якая прайшла на мінулым тыдні ў Глыбокім, было затрымана каля 60 чалавек. Значная частка зь іх ужо атрымалі штрафы ад 20 да 100 базавых велічыняў — і цяпер на волі. Частка сядзіць на сутках, у тым ліку ў ізалятарах суседніх гарадоў. Па словах іншага інфарматара, пяцёра затрыманых з Глыбокага адбываюць пакараньне ў Докшыцах.
Людзей затрымлівалі жорстка, закоўвалі ў кайданкі, у кватэрах праводзілі ператрусы. Паводле адной глыбачанкі, «АМАП цэлы дзень езьдзіў па горадзе і браў людзей».