Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караеў заявіў, што Варшава насаджае у Беларусі польскую мову праз школы. Але іх усяго дзьве


Юры Караеў
Юры Караеў

Былы міністар унутранных справаў Беларусі Юрый Караеў, якога ў 2020 годзе Лукашэнка прызначыў сваім памочнікам па Горадзенскай вобласьці, зрабіў шэраг антыпольскіх заяваў у эфіры АНТ.

Паводле Караева, Польшча марыць аб дзяржаве «ад мора да мора» і таму пасьля распаду СССР спрабавала «адціснуць» заходнія тэрыторыі Беларусі. Былы міністар не патлумачыў, як гэта зьвязана з выхадам да іншага, чым Балтыйскае, мора. Беларусь жа не зьяўляецца марской дзяржавай.

«І таму, пакуль мы пасьля распаду Саюзу разьбіраліся са сваёй дзяржаўнасьцю і вызначаліся з многім, яны ня спалі і далей праціскалі свой парадак дня: раз на тэрыторыі Беларусі жывуць палякі, гэта будзе пляцдарм для таго, каб зачапіцца і, прынамсі, адціснуць заходнія тэрыторыі Беларусі. Яны працягвалі: польскія школы, польскія дамы, польская культура, польская мова», — сказаў Караеў.

Пры гэтым за пэрыяд ад распаду СССР ў Беларусі ўзьніклі ўсяго дзьве польскія школы: у Ваўкавыску і Горадні. Польская мова ў гэтых навучальных установах не зьяўляецца асноўнай мовай выкладаньня.

Тым ня менш памочнік Лукашэнкі перакананы, што «вонкавыя сілы» спрабавалі разгайдаць Гарадзеншчыну.

«Глебы ў гэтых Борыс і Пачобута не было, а тое, што яны вялі сапраўды падрыўную, дывэрсійную дзейнасьць — гэта 100 працэнтаў. Улада высновы зрабіла, і беспакарана гэтым займацца ніхто ня будзе», — адзначыў Юры Караеў.

Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут — прадстаўнікі польскай меншасьці ў Беларусі. Іх арыштавалі ў сакавіку 2021 году і абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці». Гэты артыкул прадугледжвае да 12 гадоў турмы.

Борыс выпусьцілі зь СІЗА праз год пасьля затрыманьня пад падпіску аб нявыезьдзе і абавязаньні зьяўляцца на допыты.

8 сакавіка Анджэй Пачобут быў асуджаны па абвінавачаньні ў распальваньні нянавісьці да рэлігійных і нацыянальных груп і рэабілітацыі нацызму. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

У Беларусі жывуць сотні тысяч людзей польскага паходжаньня. Нягледзячы на гэта, спэцслужбы Беларусі ўжо шмат гадоў перашкаджаюць працы польскіх арганізацый у Беларусі. У польскай меншасьці рэжым адбіраў маёмасьць у выглядзе Польскіх дамоў і чыніць перашкоды ў асьветна-культурніцкай дзейнасьці. Летась у Беларусі пачалі зьнішчаць польскія мясьціны памяці і пахаваньні, а некалькі тыдняў таму чыноўнікі на Горадзеншчыне загаварылі пра тое, што польская мова ў касьцёлах недапушчальная. Пры гэтым права маліцца на польскай мове гарантуе Дамова аб добрасуседзтве і дружалюбным супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь, падпісаная ў 1992 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG