Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў журналісту Генадзю Мажэйку 3 гады пазбаўленьня волі


Генадзь Мажэйка
Генадзь Мажэйка

16 сакавіка на судзе экс-журналіста «„Комсомольской правды“ в Беларуси» Генадзя Мажэйкі адбыліся спрэчкі бакоў, выступілі пракурор і адвакат.

На працэсе старшынюе судзьдзя Тацяна Фалькоўская, якая ня так даўно прысудзіла 8 гадоў пазбаўленьня волі былой журналістцы АНТ Ксеніі Луцкіной. Падчас суду сям’і Генадзя Мажэйкі давялося шукаць новага адваката — папярэднюю абаронцу Лізавету Мацьвееву пазбавілі ліцэнзіі.

Судзіць былога карэспандэнта «КП в Беларуси» пачалі 1 сьнежня, але неўзабаве ў судзе быў абвешчаны даволі працяглы перапынак — для правядзеньня дадатковых экспэртыз.

Спачатку журналіста Генадзя Мажэйку абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 у распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці. Падставай стала публікацыя на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднаклясьніцай айцішніка Андрэя Зельцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ. Дзяўчына станоўча ахарактарызавала Зельцара. Публікацыя прабыла на сайце некалькі хвілін. На наступны дзень сайт kp.by заблякавалі, неўзабаве перастала выходзіць і папяровая вэрсія газэты.

1 кастрычніка 2021 года Генадзя затрымалі ў Маскве супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі РФ у аэрапорце і даставілі ў Беларусь.

Падчас ператрусу ў кватэры Генадзя забралі працоўны дыктафон. Знайшлі там аўдыёзапіс сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерам Варанецкім у Лошыцы, якая адбылася летам 2020 году: Генадзь рабіў рэпартаж з той падзеі. На працяглым па часе аўдыёзапісе сустрэчы мужчынскі голас прамовіў фразу:

«З аўтаматам бегаць... Хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць? Гэта вар’ят». Пракурор на працэсе сьцьвярджаў, што гэта, паводле судовай фанаскапічнай экспэртызы аўдыязапісу, выкрыкваў журналіст.

І Мажэйку дадалі яшчэ адзін крымінальны артыкул — 368-ы, частка 1 («Абраза прэзыдэнта»).

Сам Генадзь Мажэйка ў першы дзень суду заявіў, што моўчкі сядзеў на сустрэчы з Варанецкім з ноўтбукам і рыхтаваў рэпартаж. Гэта пацьвердзілі і іншыя журналісты, якія таксама сядзелі побач і рабілі свае матэрыялы. А словы, якія прыпісваліся Генадзю, сказаў іншы чалавек.

Адвакат і маскоўскія калегі Мажэйкі з «Комсомольской правды» знайшлі відэазапіс той сустрэчы і настаялі на паўторнай судовай фанаскапічнай экспэртызе. На відэа відаць, што прамаўляў словы пра «вар’ята» іншы чалавек, сталага веку, зь сівымі валасамі.

На паўтара месяца ў працэсе быў абвешчаны перапынак для паўторнай экспэртызы.

На паседжаньнях суду 27 лютага и 15 сакавіка выступілі два экспэрты, якія паведамілі, што «пэўных пацьверджаньняў ідэнтычнасьці голасу няма». Такім чынам, абвінавачваньне паводле ч. 1 артыкулу 368 з Генадзя зьнялі.

Падчас апошняга слова Генадзя Мажэйкі ягоныя калегі плакалі.

Прысуд экс-журналісту «КП в Беларуси» Генадзю Мажэйку будзе абвешчаны 23 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG