Справа была адкрытая на патрабаваньне руху «Вэтэраны Расеі». У сваёй заяве яны напісалі, што ў сьпісах ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, складзеных «Мэмарыялам», знайшлі прозьвішчы людзей, асуджаных у СССР па артыкуле аб супрацоўніцтве з гітлераўцамі падчас вайны.
Выканаўчы дырэктар «Вэтэранаў Расеі» Вадзім Міроненка паведаміў агенцтву ТАСС, што знайшоў у сьпісах «Мэмарыялу» каля 20 такіх прозьвішчаў. Актывісты руху лічаць іх памагатымі нацыстаў. Па словах Міраненкі, у справе ёсьць падазраваныя, але ў інтарэсах сьледзтва ён не будзе раскрываць іх імёны.
«Вэтэраны Расеі» дамагаюцца справы супраць «Мэмарыялу» ня першы год. У 2021 годзе яны ўжо зьвярталіся з такой просьбай да кіраўніка СК РФ Аляксандра Бастрыкіна і генэральнага пракурора Расеі Ігара Краснова.
У «Мэмарыяле» тады адказалі, што многія рэпрэсіі сталінскіх часоў праводзіліся паводле беспадстаўных даносаў і ілжывых абвінавачаньняў. Актывісты «Мэмарыялу» падкрэсьлілі, што ў сьпіс могуць уваходзіць людзі, якія падчас вайны сапраўды супрацоўнічалі з нацыстамі, але да таго сталі ахвярамі незаконных рэпрэсій у 1930-х. Тым ня менш большасьць людзей, на якіх паказалі «Вэтэраны Расеі», былі рэабілітаваныя і прызнаныя незаконна пацярпелымі яшчэ ў савецкую эпоху.
- Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» — найстарэйшая ў Расеі праваабарончая арганізацыя. Яна спэцыялізавалася на ўшанаваньні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій і абароне правоў сучасных палітвязьняў.
- У 2014 годзе Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла «Мэмарыял» у сьпіс «замежных агентаў».
- У сьнежні 2021 года таварыства «Мэмарыял» было ліквідавана рашэньнем Масгарсуда. Праваабаронцаў абвінавацілі ў парушэньні заканадаўства аб замежных агентах. «Мэмарыял», у сваю чаргу, назваў дзеяньні расейскіх уладаў палітычна матываванымі і непрапарцыйнымі. Аднак каманда «Мэмарыялу» працягвае праваабарончую дзейнасьць ужо без юрыдычнай асобы.