Як піша праваабарончы сайт «Віцебская вясна», на працягу 2022 году з аўкцыёну прадаваліся рэчы былога кандыдата ў прэзыдэнты, палітвязьня Віктара Бабарыкі.
Сярод іншага, на аўкцыён выстаўлялі аптычны прыцэл, які належаў Бабарыку. Гандаль адбываўся праз інтэрнэт-пляцоўку «БелЮрЗабеспячэнні».
Аптычны прыцэл Victory V8, паводле апісаньня, меў драпіны на корпусе. На таргі яго ў 2022 годзе выстаўлялі тройчы.
Першы раз прыцэл прадавалі летась у ліпені. Пачатковы кошт лоту складаў 1 400 рублёў. У таргах узялі ўдзел восем чалавек, перамог удзельнік, які прапанаваў суму 5 306 рублёў. Аднак аўкцыён прызналі несапраўдным, бо, як паведамляецца, пераможца не аплаціў пакупку.
Другі раз аўкцыён прайшоў у верасьні 2022 году, пачатковую цану на прыцэл зьнізілі да 1 120 рублёў. У аўкцыёне ўзялі ўдзел сем чалавек, перамагла стаўка 4 599,40 рубля. Але як і першы раз, лот не аплацілі, аўкцыён не адбыўся.
Трэці раз прыцэл прадавалі летась у лістападзе. У таргах узялі ўдзел 11 чалавек. Лот уцанілі да 840 рублёў, яго прадалі за 3 918,6 рубля, на гэты раз прыцэл аплацілі.
У 2021 годзе, як пра гэта пісалі многія СМІ, з аўкцыёну быў прададзены аўтамабіль Ford Fiesta, які належаў Віктару Бабарыку.
- 59-гадовы банкір і грамадзкі дзеяч, прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка быў асуджаны на 14 гадоў за, нібыта, легалізацыю («адмываньне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам і атрыманьне хабару. Ён адбывае пакараньне наваполацкай папраўчай калёніі № 1 ва ўмовах узмоцненага рэжыму.