Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва падоўжыла надзвычайнае становішча на мяжы зь Беларусьсю да 2 траўня


Беларуска-літоўская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Беларуска-літоўская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Прынятае летась папярэдняе аналягічнае рашэньне дзейнічае да 16 сакавіка.

Кабінэт міністраў пагадзіўся з прапановай МУС Літвы аб захаваньні рэжыму надзвычайнага становішча на памежных участках краіны ўздоўж дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю, Калінінградзкай вобласьцю Расеі і на памежных пунктах пропуску не на тэрыторыі памежжа Літвы (да такіх адносяцца памежныя пункты на вакзалах і ў аэрапортах).

У Міністэрстве адзначылі, што «пагроза грамадзкаму спакою не слабее: Беларусь па-ранейшаму дазваляе бесьперашкоднае перасячэньне сваёй мяжы іншаземцам, між тым Расея вядзе адкрытую рыторыку пагроз, якая ўзмацняецца, у адрас краін, якія падтрымліваюць Украіну».

Па словах прэм’ер-міністра Інгрыды Шыманіце, надзвычайнае становішча будзе дзейнічаць да часу, пакуль Сойм ня прыме асобнага закону, які прадугледжвае санкцыі супраць расейцаў, якія імкнуцца трапіць у Літву.

Таксама ў МУС Літвы прыгадалі падпісаньне Расеяй і Беларусьсю пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў, якое дазваляе замежным грамадзянам з сакавіка заяжджаць, выяжджаць, знаходзіцца і праяжджаць транзытам праз гэтыя краіны пры наяўнасьці візы адной зь іх і дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць асобу.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што такая прававая база будзе садзейнічаць перамяшчэньню з Расеі ў Беларусь іншаземцаў, якія маюць намер незаконна ўехаць у Эўразьвяз. Гэта, верагодна, лічаць у МУС, узмоцніць міграцыйны ціск на зьнешняй граніцы ЭЗ зь Беларусьсю.

8 сакавіка ўрад Літвы вырашыў, што абмежаваньні ў дачыненьні да беларускіх і расейскіх грамадзян, замацаваныя цяпер у пастанове аб надзвычайным становішчы, павінны быць перанесеныя ў асобны закон. Пакуль Сойм не прыняў рашэньне ў гэтым пытаньні, кабінэт міністраў папрасіў абмеркаваць яго ў тэрміновым парадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG