Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовыя выканаўцы зноў цікавяцца маёмасьцю Ігара Лосіка


Дар'я і Ігар Лосікі
Дар'я і Ігар Лосікі

Як стала вядома Свабодзе, 6 сакавіка ўвечары ў баранавіцкую кватэру бацькоў Ігара Лосіка прыходзіла судовая выканаўца, яна зьбіралася апісваць іх маёмасьць.

Журналіст Свабоды і палітвязень Ігар Лосік у бацькоўскай кватэры не жыве зь лютага 2013 году. Ён зьехаў адтуль, як толькі ажаніўся, пасьля гэтага ўвесь час жыў са сваёй сям’ёй асобна. У той кватэры, дзе Ігар з жонкай Дар’яй жылі апошнія 7 гадоў, ён і быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 году.

На мінулым тыдні ў дзьверы баранавіцкай кватэры, дзе жывуць бацькі палітзьняволенага, невядомыя ўваткнулі позву, выпісаную на імя Ігара Лосіка. У ёй было патрабаваньне асабіста зьявіцца ў суд Баранавіцкага раёну 3 сакавіка. У выпадку няяўкі дакумэнт пагражаў прымусовым прыводам з дапамогай міліцыі.

У панядзелак 6 сакавіка судовая выканаўца наведала кватэру бацькоў палітвязьня асабіста, аднак маёмасьці Ігара і нават ягоных асабістых рэчаў у кватэры бацькоў не аказалася.

У ліпені 2022 году маёмасьць бацькоў Ігара ўжо прыходзілі апісваць. З таго часу ў кватэры нічога не зьмянілася. Летам судовыя выканаўцы прыходзілі і ў кватэру Ігаравай жонкі Дар’і Лосік, тады яны паказалі ёй дакумэнт, згодна зь якім маюць права арыштаваць маёмасьць у лік пагашэньня доўгу Ігара перад дзяржавай.

Акрамя велізарных турэмных тэрмінаў, фігуранты «справы Ціханоўскага», у тым ліку і Ігар Лосік, павінны сплаціць 22 мільёны рублёў кампэнсацыі. Як пазначана ў судовым рашэньні, «для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас пасьлявыбарчых пратэстаў».

На маёмасьць сям’і Лосікаў, у тым ліку на піяніна, якое падаравалі Дашы бацькі, калі яна была дзіцем, бытавую тэхніку і мэблю, быў накладзены арышт. Каб выкупіць сваю арыштаваную дзяржавай маёмасьць, Ігар Лосік павінен атрымаць дазвол. Упраўленьне прымусовага выкананьня Берасьця не дало ні станоўчага, ні адмоўнага адказу на заяву палітвязьня, і ягоную маёмасьць меліся выставіць на аўкцыён.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG