Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі жыхара Гомля, які выклаў відэа з рухам расейскай вайсковай тэхнікі


Рух расейскай вайсковай тэхнікі на Беларускай чыгунцы. Травень 2022. Ілюстрацыйнае фота
Рух расейскай вайсковай тэхнікі на Беларускай чыгунцы. Травень 2022. Ілюстрацыйнае фота

Прысуд вынесьлі яшчэ 23 лістапада мінула года, але вынікі сталі вядомыя праваабаронцам «Вясны» толькі цяпер.

Гомельскі абласны суд у закрытым пасяджэньні вынес прысуд 26-гадоваму сьлесару абласнога цэнтра Арцёму Бабкову, абвінаваціўшы яго ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, паведамляе «Вясна».

Вырак вынесьлі яшчэ 23 лістапада мінула года, але вынікі сталі вядомыя праваабаронцам «Вясны» толькі цяпер. Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Доля.

Да суду Бабкоў знаходзіўся на волі пад паручальніцтвам.

Паводле матэрыялаў справы, Бабкоў, у лютым 2022 году нібыта разьмясьціў у сацыяльных сетках відэазапіс перамяшчэньня транспартных сродкаў расейскіх войска, якія перасоўваліся па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з указаньнем іх месцазнаходжаньня.

Затым ён разаслаў яго ў тэлеграм-каналы, у тым ліку ў прызнаныя судом «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Суд прызнаў 23 лістапада Бабкова вінаватым і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін два гады ва ўмовах агульнага рэжыму.

Арцёма Бабкова ўзялі пад варту ў залі суду.

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG