Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратар Рады бясьпекі Ўкраіны заклікаў аддзяляць беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі


Сакратар Рады бясьпекі Ўкраіны Аляксей Данілаў (архіўнае фота)
Сакратар Рады бясьпекі Ўкраіны Аляксей Данілаў (архіўнае фота)

Разам з тым Аляксей Данілаў лічыць, што Лукашэнка ў стане супраціўляцца жаданьню Пуціна ўцягнуць беларускае войска ў баявыя дзеяньні.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў аддзяляе беларускі народ ад беларускіх уладаў. Аб гэтым ён заявіў у інтэрвію «РБК-Украіна». Данілаў таксама сказаў, што Беларусь акупаваная Расеяй па эканамічных і іншых пытаньнях, аднак не паддаецца і не ваюе з Украінай:

«Трымаецца, нягледзячы на тое, што яна акупаваная з боку Расейскай Федэрацыі ўжо доўгі час, эканамічна і па шмат якіх іншых пытаньнях. Але беларусы пакуль не паддаюцца, у іх няма ніякага жаданьня ваяваць з намі. І тое, што яны сёньня не бяруць прамога ўдзелу ва ўзброенай агрэсіі, менавіта ўзброеныя сілы Беларусі, мы гэта належным чынам ацэньваем.

Некаторыя з нашых „гарачых галоў“ кажуць, што нам трэба тэрмінова разгортваць войска і ісьці на Беларусь і гэтак далей. Я хачу, каб мы ўсьведамлялі, што для нас гэта вельмі небясьпечная сытуацыя з улікам таго, што мы сёньня маем вялізную лінію фронту менавіта з Расеяй», — сказаў ён.

Данілаў прапанаваў падзяляць беларускі народ і ўлады. Паводле яго слоў, беларусы таксама ваююць на баку Ўкраіны:

«Я адлучаў бы беларускі народ ад беларускіх уладаў. Многія беларусы ваююць на нашым баку, і мы за гэта ім удзячныя», — сказаў ён.

Разам з тым Данілаў лічыць, што Лукашэнка ў стане супраціўляцца жаданьню Пуціна ўцягнуць беларускае войска ў баявыя дзеяньні.

На думку сакратара СНБА, Крэмль бы з задавальненьнем задзейнічаў Беларусь і Малдову, каб украінскі бок быў вымушаны распыляць свае сілы:

«Лукашэнка стаў прэзыдэнтам краіны ў 1994 годзе пасьля пасады кіраўніка саўгаса. І ні дня гэтай пасады не пакідаў. Не трэба лічыць, што ён такі просты. Гэта шматгранны чалавек. І нягледзячы на тое, што Пуцін увесь час хоча яго ўмоўна „згвалціць“, каб ён прыняў тыя ці іншыя патрэбныя РФ рашэньні, Лукашэнка разумее, чым гэта ўсё можа скончыцца. І таму я ня думаю, што Пуціну ўдасца яго даціснуць», — сказаў Данілаў.

Данілаў яшчэ раз згадаў беларусаў, разважаючы аб адрозненьнях з расейцамі:

«Чаму яны з намі розныя? І гэта тое, што ня можа зразумець Захад. Украіна, Беларусь і Малдова — гэта Эўропа, геаграфічная, мэнтальная, гістарычная, мы ставімся да эўрапейскай супольнасьці. А Расея адносіцца да Азіі, вялікая колькасьць яе тэрыторыі адносіцца да Азіі, яны азіяты», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG