Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блінкен на сустрэчы G-20 запатрабаваў ад Расеі падоўжыць збожжавае пагадненьне


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен 22 лютага, 2022 (архіўнае фота)
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен 22 лютага, 2022 (архіўнае фота)

Раней міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў абвінаваціў краіны Захаду ў тым, што гэта яны нібыта «пахавалі» збожжавае пагадненьне.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на сустрэчы «Групы вялікай дваццаткі», якая працягваецца ў Індыі, заклікаў Расею падоўжыць дзеяньне ўкладзенай з пасярэдніцтвам ААН і Турэччыны дамовы пра экспарт украінскага зерня:

«Надзвычай важна, каб „Група дваццаці“ выступіла на карысьць падаўжэньня і пашырэньня збожжавай ініцыятывы для ўмацаваньня харчовай бясьпекі найбольш уразьлівых груп насельніцтва», — сказаў Блінкен міністрам замежных спраў у Дэлі.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, у сваю чаргу, абвінаваціў краіны Захаду ў тым, што гэта яны «пахавалі» збожжавае пагадненьне.

Чарнаморскае збожжавае пагадненьне заключылі ў 2022 годзе пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны, тэрмін дзеяньня ўгоды заканчваецца 18 сакавіка.

G-20 ва ўмовах геапалітычнай напружанасьці

Міністры замежных спраў краін «Вялікай дваццаткі» сабраліся ў сталіцы Індыі Дэлі на фоне ўзмацненьня геапалітычнай напружанасьці, выкліканай вайной ва Ўкраіне, якая стварае перашкоды для дасягненьня кансэнсусу паміж найбуйнейшымі эканомікамі сьвету.

У сустрэчы бяруць удзел дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, міністар замежных спраў Кітая Цінь Ган і іншыя. Апроч вайны ва Ўкраіне, дадатковым фактарам узмацненьня напружанасьці паміж Вашынгтонам і Пэкінам стала зьнішчэньне меркаванага кітайскага выведвальнага аэрастата ля ўсходняга ўзьбярэжжа ЗША у лютым.

На сустрэчы міністраў замежных спраў ЗША і іх саюзьнікі будуць настойваць на тым, каб група заняла цьвёрдую пазыцыю ў адносінах да вайны ва Ўкраіне.

Эўразьвяз заявіў, што аб посьпеху сустрэчы можна будзе меркаваць па тым, што яна зробіць у адносінах да канфлікту ва Ўкраіне. Па словах аналітыкаў, улічваючы глыбокія рознагалосьсі, перад Індыяй стаіць складаная задача сфармаваць сумесную пазыцыю па выніках перамоваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG