Як паведамляе прэсавая служба рэгулятара, пра такое рашэньне ўладам паведамілі па электроннай пошце са спасылкай на меркаваньні бясьпекі паветранай прасторы ў рэгіёне.
«Рашэньне Wizz Air стварыла нявызначанасьць, улічваючы, што 14 лютага авіяапэратар зьвярнуўся з просьбай аб зацьвярджэньні раскладу палётаў на летні сэзон, і сёньня ён быў зацьверджаны. Прааналізаваўшы рызыкі, дзяржаўныя органы вызначылі, што палёты ў нацыянальнай паветранай прасторы могуць ажыцьцяўляцца бясьпечна, і выказваюць шкадаваньне ў сувязі з раптоўным рашэньнем Wizz Air», — гаворыцца ў паведамленьні.
Раней СМІ паведамлялі, што Wizz Air вырашыла прыпыніць палёты ў сталіцу Малдовы Кішынёў з 14 сакавіка праз занепакоенасьць бясьпекай паветранай прасторы.
14 лютага Малдова на гадзіну закрыла сваю паветраную прастору. Як патлумачылі тады ў кіраваньні цывільнай авіяцыі краіны, паветраная прастора была закрытая ў сувязі з «аб’ектам, падобным на паветраны шар».
У дні масіраваных расейскіх ракетных удараў па Ўкраіне паведамлялася, што рэшткі ракет падалі на тэрыторыю Малдовы. Вядома пра чатыры такія выпадкі.