Беларускія хакеры заяўляюць, што 27 лютага зрабілі атаку на партал фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі. Адказнасць узяла на сябе інфармацыйная група «Абʼяднанага штабу супраціву Менску» (АШС), паведамляе тэлеграм-канал «Алиса рассказывает».
АШС заявіў, што гэтым нападам ён дамагаецца вызваленьня палітычных зьняволеных з турмаў Беларусі:
«АШС, як і было заяўлена ў мінулым, дзеля выкананьня заяўленых плянаў працягвае палітыку нарошчваньня ціску да ўзроўню нулявой талерантнасьці ў дачыненьні да саўдзельнікаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі і інфраструктуру, якая выкарыстоўваецца для падтрыманьня рэжыму Лукашэнкі. АШС патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў!», — гаворыцца ў паведамленьні.
Цяпер працаздольнасьць карыстальніцкага парталу ФСАН адноўлена, аднак ён не адкрываецца з-за мяжы.
«Абʼяднаны штаб супраціву Менска» ўпершыню заявіў пра сябе 16 жніўня, узламаўшы сайт «Беларуськалію» і разьмясціўшы там зварот да абʼяднаных штабоў супраціву Беларусі, актывістаў мірнага пратэсту, адміністратараў «астатніх дваровых чатаў» і сілавікоў.
У верасьні мінулага года хакеры заявілі пра ўзлом сайта жодзінскага прадпрыемства «БелАЗ». На галоўнай старонцы штаб разьмясьціў заяву, дзе гаворыцца аб тым, што БелАЗ, як і многія іншыя дзяржаўныя прадпрыемствы краіны, «захоплены „сямʼёй“ Лукашэнкі».
24 лютага гэтага года хакеры часткова заблякавалі прававы партал pravo.by. Хакеры заявілі, што «паклалі» яго ў знак пратэсту супраць вайны і Лукашэнкі.