Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уначы Расея атакавала Ўкраіну іранскімі дронамі-камікадзэ, у Кіеве і Хмяльніцкім — выбухі


Аскепкі зьбітага ва Ўкраіне іранскага бесьпілётніка Shahed-136 з надпісам «М214 Герань-2»
Аскепкі зьбітага ва Ўкраіне іранскага бесьпілётніка Shahed-136 з надпісам «М214 Герань-2»

Уначы Расея атакавала Ўкраіну іранскімі дронамі-камікадзэ Shahed, паведамляюць украінскія ўлады. Паводле Генштабу Ўкраіны, 11 з 14 бесьпілётнікаў, пушчаных расейскімі вайскоўцамі, зьбілі.

Паветраную трывогу абвясьцілі ў Кіеве, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай, Жытомірскай, Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласьцях Украіны, вынікае з дадзеных сэрвісаў, якія адсочваюць такія абвесткі, таксама пра гэта паведамляюць мясцовыя ўлады.

Выбухі прагучалі ў Кіеве і Хмяльніцкім.

Кіраўнік офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак у сваім тэлеграм-канале паведаміў аб працы супрацьпаветранай абароны ў Барыспальскім і Броварскім раёнах Кіеўскай вобласьці. Кіеўская абласная ваенная адміністрацыя паведаміла, што зафіксавала ў вобласьці варожыя аб’екты.

Кіраўнік Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус пацьвердзіў, што з поўначы Ўкраіну атакавалі дронамі-камікадзэ, і таксама паведаміў пра пасьпяховую працу СПА. Апэратыўнае камандаваньне Поўнач паведаміла пра зьнішчэньне трох дронаў-камікадзэ ў Чарнігаўскай вобласьці.

Паветраную трывогу ва Ўкраіне абʼяўляюць рэгулярна зь сярэдзіны кастрычніка. Кіеў абвінавачвае Маскву ў выкарыстаньні іранскіх бесьпілётнікаў Shahed-136 пры нападзе на цывільныя і энэргетычныя абʼекты. Расейскі бок абвяргае гэтыя абвінавачваньні, аднак у кастрычніку прадстаўнік Грамадзкай рады пры Мінабароны РФ прагаварыўся аб выкарыстаньні іранскай зброі падчас прамога эфіру на тэлеканале РБК. Пазьней Іран прызнаў, што пастаўляў Расеі бесьпілётнікі.

Паводле інфармацыі CNN, Іран, верагодна, мадыфікаваў баявыя дроны, якія пастаўляе Расеі, так, каб яны маглі нанесьці максымальную шкоду абʼектам інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны. Меркавана, у баявую частку дрона дадалі дробныя мэталічныя аскепкі, якія пры выбуху разьлятаюцца на вялікую адлегласьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG