У інтэрвію, якое ён даў, як вынікае з кантэксту, пасьля свайго пасланьня Фэдэральнаму сходу 21 лютага, Пуцін заявіў, што ў Захаду «адна мэта — „раскассировать“ былы Савецкі Саюз і яго асноўную частку — Расейскую Фэдэрацыю». «І потым, можа быць, яны і прымуць нас у так званую сям’ю цывілізаваных народаў, але толькі асобна, кожную частку асобна», — сказаў Пуцін.
Ён выказаў меркаваньне, што ў гэтым выпадку расейски народ перастане існаваць «у тым выглядзе, у якім ёсьць сёньня. Ну будуць маскоўцы якія-небудзь, уральцы і гэтак далей», — сказаў Пуцін, заявіўшы таксама, што такія пляны былі «выкладзены на паперы». «Гэта ж усё напісана, на паперцы ўсё напісана», — заявіў расейскі прэзыдэнт.
Ён таксама абвінаваціў краіны NATO ва ўдзеле ў вайне ва Ўкраіне ў сувязі з пастаўкамі гэтай краіне зброі.
Раней Пуцін неаднаразова выкарыстоўваў выдуманую цытату былой дзяржсакратаркі ЗША Мадлен Олбрайт, якая нібыта сказала: «Несправядліва, што багацьці Сыбіры належаць толькі адной краіне». Гэтыя словы ў расейскім сэгмэнце інтэрнэту з пачатку двухтысячных гадоў прыпісваюцца Олбрайт, хоць няма ніякіх сьведчаньняў, што яна іх некалі прамаўляла.