Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol паведаміў пра падрыў расейскага самалёта партызанамі на вайсковым аэрадроме Мачулішчы

абноўлена

Спадарожнікавы здымак аэрадрому Мачулішчы, сакавік 2022
Спадарожнікавы здымак аэрадрому Мачулішчы, сакавік 2022

Спасылаючыся на ўдзельнікаў пляну «Перамога», Тэлеграм-канал аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol спачатку напісаў, што сёньня раніцай на вайсковым аэрадроме Мачулішчы, разьмешчаным за 12 км ад Менску, адбылося 2 выбухі, у выніку якіх пашкоджаны расейскі вайскова-транспартны самалёт і сьнегаўборачная тэхніка.

Канал адзначыў, што ў раёне аэрадрому мясцовыя жыхары назіраюць шмат вайскоўцаў і экіпажы ДАІ, якія правяраюць усе аўтамабілі.

Пазьней ByPol паведаміў, што быў праведзены падрыў расейскага ваеннага самалёта далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50.

У Тэлеграм-канале ByPol пішуць, што ў выніку двух выбухаў (месцы пазначаныя на фота) пацярпелі пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, пашкоджана авіёніка і радыёлякацыйная антэна.

«Пашкоджаньні сур'ёзныя, самалёт сапраўды ўжо нікуды не паляціць».

Кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў увечары паведаміў, што да выбуху датычныя беларускія партызаны. «Гэта былі дроны. Удзельнікі апэрацыі — беларусы, удзельнікі пляну «Перамога», яны цяпер ужо ў бясьпецы за межамі краіны. Усе выехалі, хай цяпер шукаюць вецер у полі,» — сказаў Азараў «Белсату».

Азараў паведаміў, што апэрацыю рыхтавалі некалькі месяцаў, і выказаў меркаваньне, што ўлады ў Менску не назавуць гэтую атаку нагодай для наўпроставага ўдзелу беларускай арміі ў вайне ва Ўкраіне:

«Яны могуць сказаць, што заўгодна, але я ня думаю, што цяпер Лукашэнку выгадна нападаць на Ўкраіну. Сапраўды, ён можа выкарыстаць гэтую акцыю, каб зваліць усё на ўкраінцаў, але цяпер у Беларусі няма дастатковай колькасьці расейскіх войскаў для таго, каб з тэрыторыі Беларусі можна было б учыніць новы напад на Ўкраіну».

Выданьне The Moscow Times піша, што прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі заявіў, што інфармацыі пра выбухі не паступала.

Міністэрства абароны Беларусі не камэнтуе сытуацыю афіцыйна. Прадстаўнік міністэрства запэўніў, што на аэрадроме нічога значнага не адбылося.

Свабода пакуль ня можа спраўдзіць праўдзівасьць інфармацыі пра падрыў самалёта ў Мачулішчах.

ByPol таксама паведаміў, што сілавікі пачалі адсочваць камэнтары ў сацыяльных сетках наконт выбуху, таму ўсім, хто ўнутры Беларусі варта захоўваць асьцярожнасьць.

  • ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі ўдзельнікі пляну «Перамога».
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
  • Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
  • Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
  • Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей ў Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
  • Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG