Вярхоўны суд Беларусі 28 лютага разгледзіць апэляцыйную скаргу на прысуд фігурантам «справы анархістаў», вынікае з раскладу на партале электроннага судаводзтва. Працэс, які плянуецца распачаць у 9.30, судзьдзя Аляксей Рыбакоў правядзе ў закрытым рэжыме.
Летась 6 верасьня Менскі гарадзкі суд прыгаварыў дзесяцёх фігурантаў «справы анархістаў» да працяглых тэрмінаў пазбаўленьня волі.
Праваабаронцу Марфу (Марыю) Рабкову прыгаварылі да 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму, Аляксандра Францкевіча — да 17 гадоў калёніі строгага рэжыму.
Астатнім — Акіхіру Гаеўскаму-Ханаду (16 гадоў пазбаўленьня волі), Аляксею Галаўку (12), Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казьлянку, Андрэю Чапюку (па 6), Андрэю Марачу, Даніілу Чулю (па 5) — судзьдзя Сяргей Хрыпач прызначыў узмоцнены рэжым адбываньня пакараньня.
Фігурантаў «справы анархістаў» прызналі вінаватымі ў агульнай складанасьці паводле дзесяці крымінальных артыкулаў, у тым ліку пра «масавыя беспарадкі», стварэньне, удзел і кіраваньне «злачыннай арганізацыяй», заклікі да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі Беларусі ды іншых.
У той жа дзень і ў той жа час судзьдзя Вярхоўнага суду Павал Каршуновіч у закрытым рэжыме разгледзіць апэляцыйную скаргу на прысуд актывістам групы «Буслы ляцяць» (частка нефармальнага аб’яднаньня «Супраціў», якое ўлады прызналі «тэрарыстычным»).
28 верасьня 2022 году Менскі гарадзкі суд прыгаварыў да зьняволеньня фігурантаў гэтай справы — Андрэя Будая (15 гадоў калёніі), Андрэя Гамезу (14,5), Аляксея Іванісава (14), Аляксандра Мураўёва (12), Мікалая Бібліса (8,5), Аляксандра Сідарэнку (8). Іх судзілі ў агульнай складанасьці паводле шасьці крымінальных артыкулаў, пачынаючы з «распальваньня варожасьці або варажнечы», заканчваючы «ўдзелам у арганізацыі, створанай для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці».
Асуджаныя ў «справе анархістаў» і актывісты групы «Буслы ляцяць» прызнаныя палітвязьнямі.