«А што вы рабілі, бачылі, перажылі за апошнія 1000 дзён? Кожны з гэтых дзён Мікалай Статкевіч правёў за кратамі, палітвязень у Беларусі. Дыпляматы з 🇨🇿 🇩🇪 🇪🇺 🇫🇮 🇫🇷 🇵🇱 🇸🇪 🇸🇰 🇺🇸 сустрэліся з яго жонкай Марынай Адамовіч, каб выказаць салідарнасьць і заклікаць да яго вызваленьня», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у Фэйсбуку амбасады ЗША ў Беларусі.
14 сьнежня 2021 году на закрытым працэсе судзьдзя Мікалай Доля вынес прысуд Міколу Статкевічу 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму. Статкевіч у залі суду гучна выкрыкнуў: «Жыве Беларусь!»
У Беларусі адна калёнія асаблівага рэжыму — у Глыбокім. Яна лічыцца адной з самых суровых у краіне.
З пачатку ліпеня 2022 года — з таго часу, як Мікола Статкевіч пачаў адбываць пакараньне ў Глыбоцкай калёніі — у яго было 23 спагнаньні. Як мінімум 9 разоў ён трапляў у ШЫЗА — на тэрміны ад 7 да 10 дзён. Новы год палітвязень сустрэў у ШЫЗА.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.