Краіна зьяўляецца ўдзельніцай каля 330 пагадненьняў Садружнасьці, пры гэтым многія зь іх маюць патрэбу ў пераглядзе, заявіў у чацьвер, 23 лютага, у тэлеэфіры міністар замежных справаў і эўрапейскай інтэграцыі Ніку Папэску. Пра гэта паведамляе DW.
«Ёсьць пагадненьні, якія або не падыходзяць нам, або ўжо не працуюць, або не ўжываюцца, або не на карысьць Малдовы», — заявіў кіраўнік малдоўскага МЗС.
Мэта Малдовы — уступленьне ў ЭЗ
Папэску падкрэсьліў, што мэта Кішынэва — уступленьне ў ЭЗ, і «ўсе мэты зьнешняй палітыкі і ўдзел у міжнародных арганізацыях будуць падпарадкаваныя эўрапейскай інтэграцыі».
«Зыходзячы з гэтага, выхад з пагадненьняў СНД, несумяшчальных зь нашымі мэтамі, працягнецца. Праводзіцца аналіз неабходнасьці многіх пагадненьняў, падпісаных за час знаходжаньня рэспублікі ў складзе СНД. Гэты сьпіс будзе апублікаваны», — сказаў ён. Па словах Папэску, толькі па лініі МУС Малдова выйдзе прыкладна з 20 пагадненьняў.
Кіраўнік малдоўскага МЗС адзначыў, што Кішынэў ужо дзейнічае ў вельмі шырокім спэктры, каб абмежаваць спробы Расеі дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне.
Раней сьпікер малдоўскага парлямэнту Ігар Гросу заявіў, што пасьля заканчэньня вайны ва Ўкраіне Кішынэў прыме рашэньне аб мэтазгоднасьці далейшага сяброўства ў СНД. Цяпер удзел «у мерапрыемствах у рамках СНД немагчымы праз сытуацыю ў рэгіёне», дадаў ён.