Новы міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік выступіў на калегіі ведамства, расказаў пра падыходы ў замежнай палітыцы ўладаў Беларусі, у тым ліку з краінамі Захаду і Ўкраінай.
«Там, дзе гэта адпавядае нашым інтарэсам, мы захоўваем крытычны дыялёг. Да колаў, якія фармуюць палітыку ў дзяржавах Захаду, даводзіцца нашая прынцыповая пазыцыя аб контрапрадуктыўнасьці санкцый і абмежаваньняў, важнасьці разьвіцьця ўзаемапаважлівых адносін як адзінага спосабу ўрэгуляваньня міждзяржаўных супярэчнасьцяў», — цытуе міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка БелТА.
У сваім выступе Алейнік назваў вайну ва Ўкраіне «проксі-вайной Расеі і Захаду», якая абвастрыла крызіс міжнароднай бясьпекі і далейшае зьмяненьне сыстэмы сьветаўладкаваньня.
Адказнасьць за пачатак гэтай вайны Алейнік усклаў на Захад. Ён таксама заявіў аб гатоўнасьці дыпляматаў супрацьстаяць далейшым выклікам у «напружаным 2023 годзе».
Кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства таксама заявіў, што сярод плянаў міністэрства ня толькі ўступленьне Беларусі ў ШАС, але і далучэньне да фармату BRICS (куды ўваходзяць Бразылія, Расея, Індыя, Кітай і ПАР).
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.