Паводле ацэнак ЗША, агулам ва Ўкраіне загінулі 9 тысяч расейцаў, пры гэтым каля паловы зь іх загінулі зь сярэдзіны сьнежня 2022 году. 90% байцоў «Вагнэра», забітых ва Ўкраіне ў сьнежні, былі завэрбаванымі ў расейскіх калёніях вязьнямі, паведаміў прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Белага дому Джон Кірбі, піша CNN.
ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, якое не адносіцца да Мінабароны Расеі або іншым дзяржаўных структур. Вагнэраўцы вядомыя ўдзелам у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
Зь вясны 2022 году ў СМІ пачала зьяўляцца інфармацыя аб тым, што ПВК «Вагнэр» вярбуе і адпраўляе на вайну расейскіх вязьняў у абмен на памілаваньне. Вярбоўкай займаўся асабіста ўладальнік кампаніі Яўген Прыгожын, блізкі да расейскага прэзыдэнта.
Цяпер байцы ПВК «Вагнэр», паводле шматлікіх паведамленьнях расійскіх СМІ і самой арганізацыі, бяруць удзел у баях пад Бахмутам, дзе нясуць шматлікія страты. Гэта адзін з самых напружаных участкаў фронту.
Мінабароны Вялікай Брытаніі са спасылкай на дадзеныя сваёй выведкі 17 лютага заявіла, што агулам магчымыя страты Расеі на вайне супраць Украіны могуць дасягаць 200 тысяч чалавек, зь іх прыкладна 40-60 тысяч забітых.
Паводле Генштаба Ўзброеных сіл Украіны, расейскія страты ад пачатку вайны да 17 лютага склалі каля 141 260 чалавек.
Расея не раскрывае зьвесткі аб сваіх загінулых.