Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыя Нуланд заявіла, што ЗША падтрымліваюць нанясеньне Ўкраінай удараў па расейскіх вайсковых абʼектах у анэксаваным Крыме.
«Расея пабудавала ў Крыме мноства вайсковых збудаваньняў, гэта законныя цэлі, па якіх Украіна наносіць удары, і мы падтрымліваем гэта. Украіна не будзе знаходзіцца ў бясьпецы, пакуль Крым як мінімум ня будзе дэмілітарызаваны», — заявіла Нуланд.
Яна дадала, што нават пасьля завяршэньня вайны ЗША прадоўжаць аказваць вайсковую дапамогу Ўкраіне, бо няма ўпэўненасьці, што Расея не адновіць канфлікт.
Падчас брыфінгу ў Дзярждэпартамэнце Вікторыя Нуланд заявіла, што ЗША падтрымліваюць імкненьне Ўкраіны вярнуць усе свае тэрыторыі, захопленыя Расеяй:
«Украіна змагаецца за вяртаньне ўсіх сваіх земляў. Мы падтрымліваем іх, у тым ліку ў падрыхтоўцы наступнага наступу, каб вярнуць сваю тэрыторыю», — сказала Нуланд.
Улады Ўкраіны неаднаразова заяўлялі, што вайна з Расеяй можа скончыцца пасьля таго, як Расея выйдзе з усіх акупаваных тэрыторый, у тым ліку з Крыму, анэксаванага ў 2014 годзе. Прадстаўнікі Кіева ня раз казалі, што могуць правесьці ваенную апэрацыю па вяртаньні Крыма.